• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Украінскія фатографы звярнуліся да World Press Photo з патрабаваннем выключыць са складу журы расіянку. Ім адмовілі

    Арганізатары World Press Photo 2024 не будуць пазбаўляць расійскую фатографку Марыю Гельман сяброўства ў журы еўрапейскай часткі конкурсу. Пра гэта «Суспільне Культура» паведаміў дырэктар па камунікацыях World Press Photo Эндру Дэвіс. З патрабаваннем змяніць склад журы да дырэкцыі конкурсу звярнулася Украінская асацыяцыя прафесійных фатографаў (УАПФ). 

    УАПФ лічыць, што ўдзел Гельман можа паўплываць на аб’ектыўнасць прыняцця рашэнняў пры ацэньванні работ удзельнікаў. Нягледзячы на тое, што сама Гельман выступае супраць вайны РФ ва Украіне, у арганізацыі ставяць пад сумнеў дарэчнасць такога прызначэння, паколькі на конкурсе, відавочна, будзе прадстаўлена шмат фота ўкраінскіх мастакоў. Адносна асобы Марыі Гельман і яе прафесіяналізму пытанняў не ўзнімаюць.

    «Яе выключэнне на такім познім этапе было б як практычнай, так і маральнай праблемай», — адказаў на запыт украінскіх журналістаў дырэктар па камунікацыях World Press Pho­to Эндру Дэвіс.

    «Як і ўсе члены журы, Марыя Гельман была абраная за яе прафесіяналізм і вопыт», — адзначылі ў World Press Pho­to. Яе асобу ахарактэрызавалі як «больш чым кваліфікаваную для працы ў журы».

    «За ўсю гісторыю нашага конкурсу членам журы прапаноўвалася ацэньваць тэмы, непасрэдна звязаныя з краінамі, якія яны прадстаўляюць. Можа здарыцца, як у гэтым годзе, што адзін ці некалькі членаў журы прыедуць з краін з рэпрэсіўнымі ўладамі. Мы давяраем кожнаму члену журы, у тым ліку Гельман, і строгаму працэсу судзейства, каб забяспечыць прадуманы і справядлівы выбар пераможцаў», — пракаментаваў Эндру Дэвіс.

    Сама фатографка пісала ў Face­book, што «абяцае быць сумленнай, бесстаронняй, удумлівай, адкрытай і ўкладваць як мага больш душы ў выбар гісторый і фатаграфій».

    Марыя Гельман — адна з пяці суддзяў у камандзе міжнароднага фотаконкурсу, якая будзе ацэньваць удзельнікаў з Еўропы. Яна паходзіць з Санкт-Пецярбургу, працуе ў жанры дакументальнай фатаграфіі. У персанальных праектах даследуе пытанні гендэрнай ідэнтычнасці, сэксуальнасці, цялеснасці, гвалту, дыскрымінацыі. Працы Гельман публікавалі Time, Le Monde, The New York Times.

    Акрамя расіянкі ў еўрапейскую каманду суддзяў увайшлі фотарэдактар ​​Stern Андрэас Трампэ з Германіі, фатограф штодзённай газеты Neue Zürcher Zeitung (NZZ) Жыль Штайнман са Швейцарыі, куратарка Deutsche Börse Марыяма Ата (Вялікабрытанія), а ўзначаліла журы Анастасія Тэйлар-Лінд, чыя першая фотакніга была прысвечана рэвалюцыі ва Украіне. З 2014 года Тэйлар-Лінд дакументуе вайну Расіі супраць Украіны.

    Прыём заявак на конкурс World Press Pho­to 2024 быў закрыты 11 студзеня. Цяпер суддзі павінны ацаніць працы. Рэгіянальных пераможцаў плануюць аб’явіць 3 красавіка 2024 года.

    Чытайце яшчэ:

    Затрыманага магілеўскага блогера Алеся Сабалеўскага перавялі ў СІЗА

    Кінакрытыкі абвясцілі кароткі спіс намінантаў беларускай прэміі «Чырвоны верас»

    У Магілёве затрымалі былога відэааператара Яўгена Глушкова

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці