У зняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай з’явілася «хросная»
Абавязкі сімвалічнай «хроснай» для гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай вырашыла ўзяць на сябе Вэндзі Чэмберлен (Wendy Chamberlain), 47-гадовая прадстаўніца ад ліберальных дэмакратаў у Парламенце Вялікабрытаніі.
— Ларыса Шчыракова — былая журналістка. Ёй былі прад’яўленыя абвінавачванні па арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369–1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Яна была асуджаная да 3,5 гадоў турэмнага зняволення, а яе сын быў змешчаны ў прытулак. У межах кампаніі #WeStandBYyou я заклікаю да неадкладнага вызвалення Ларысы Шчыраковай і ўсіх беларускіх палітвязняў, якія імкнуцца да свабоды і дэмакратыі, — заявіла Вэндзі Чэмберлен, далучыўшыся да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі.
Гэтая кампанія была запачаткавана нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыяй «Libereco — Партнёрства за правы чалавека».
Дзякуючы ініцыятыве праваабаронцаў і палітыкаў, шмат у якіх беларускіх палітвязняў з’явіліся сімвалічныя «хросныя». Іх задача — прыцягваць увагу грамадскасці да сваіх «хрэснікаў», асуджаных па палітычных матывах.
Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова знаходзіцца за кратамі з 6 снежня 2022 г. Супрацоўнікі гомельскага ГУБАЗіКа затрымалі Ларысу пасля ператрусу ў яе дома. У дзень затрымання журналісткі яе непаўналетняга сына Святаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Сына Ларыса гадавала адна, з мужам яна даўно ў разводзе. Але служба апекі не дазваляла забраць Святаслава ні дзядулі, ні іншым сваякам. З прытулку падлетка забраў бацька, які па выкліку сваякоў адмыслова прыехаў у Гомель з расійскага Навасібірска, дзе жыў апошнія дзесяць гадоў. Праз 10 дзён пасля затрымання беларуская праваабарончая супольнасць прызнала жанчыну палітычнай зняволенай.
Паводле матэрыялаў следства, Ларыса Шчыракова «са жніўня 2020 г. па снежань 2022 г., выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках перадала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь».
Яна ж, паводле абвінавачвання, «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя‑, відэа‑, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фарміравання «Белсат».
Нагадаем, рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў РБ тэлеканал «Белсат» і яго сайт на YouTube-канале, а таксама акаўнты ў Telegram, Instagram, Twitter, Facebook, VK і «Одноклассники» былі прызнаныя «экстрэмісцкім фарміраваннем» 3 лістапада 2021 года. «Гомельская вясна» і афіляваныя з ёй сацсеткі абвешчаныя такімі 9 жніўня 2023 года — калі ўжо ішоў суд над Шчыраковай. Сама ж Ларыса Шчыракова неаднаразова падкрэслівала, што ў апошнія гады адышла ад журналістыкі, шмат займалася краязнаўствам, даследавала гісторыю сталінскіх рэпрэсій на Гомельшчыне і працавала над уласным фотапраектам — фатаграфавала ахвотных у нацыянальных строях з уласнай этнаграфічнай калекцыі.
За кратамі 13 красавіка 2023 г. Ларыса Шчыракова сустрэла сваё 50-годдзе. 31 жніўня ў Гомельскім абласным судзе быў агучаны вырак: тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму з выплатай штрафу памерам 100 базавых велічыняў (3700 рублёў). Шчыракову прызналі вінаватай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
Ларыса Шчыракова вырашыла не звяртацца ў Вярхоўны суд з апеляцыйнай скаргай, бо лічыла гэта марным. Пра гэта жанчына паведамляла на волю яшчэ да пачатку судовага працэсу, тое ж самае яна паўтарыла ў судовай зале пасля абвяшчэння выраку. 22 верасня 2023 г. МУС унесла асуджаную ў «спіс экстрэмістаў». Цяпер яна адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай папраўчай калоніі № 4.
Чытайце яшчэ:
Скандал ва Украіне: за камандай журналістаў-расследавальнікаў сачылі. Медыйшчыкі лічаць гэта кампаніяй па запалохванні
Хто падарыў пазыўныя Беларускаму радыё? Нататкі з жыцця кампазітара
CPJ заклікаў беларускія ўлады зняць абвінавачванні з журналіста Аляксандра Зянкова