У Івацэвічах рэдактара незалежнага інтэрнэт-рэсурсу выклікалі «на размову» ў міліцыю
Раніцай 19 чэрвеня дадому да рэдактара інтэрнэт-рэсурсу ganc-chas.by Паўла Дайліда прыйшлі супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС і прапанавалі паехаць у пастарунак «на размову».
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, адзін з наведнікаў быў у міліцэйскай форме, другі — у цывільнай вопратцы.
Супрацоўнік у форме паведаміў, што з рэдактарам хочуць паразмаўляць у Івацэвіцкім РАУС наконт сітуацыі, якая адбылася 17 чэрвеня каля крамы «Санта» ў Івацэвічах, дзе затрымалі аўтамабіль з расійскімі нумарамі. Пры гэтым супрацоўнік міліцыі сказаў, каб Павел Дайлід узяў з сабой тэлефон.
На пытанне рэдактара, у якасці каго і па якой справе яго выклікаюць, міліцыянер не адказаў. Але адзначыў, што ні падазраваным, ні абвінавачаным Павел Дайлід не з’яўляецца: проста з ім нехта хоча «паразмаўляць».
У адказ рэдактар патлумачыў, што паразмаўляць неназваная службовая асоба можа, патэлефанаваўшы па тэлефоне. Павел Дайлід папрасіў, каб яму выпісалі позву, дзе было б пазначана, па якой справе выклікаецца, вызначылі яго прававы статус. Таксама ён паведаміў пра вуснае хадайніцтва, што яму трэба будзе час для заключэння дамовы з адвакатам, з якім прыйдзе пасля атрымання позвы.
Пасля гэтай размовы міліцыянер камусьці патэлефанаваў і супрацоўнікі з’ехалі на службовым аўтамабілі.
Інцыдэнты, калі Паўла Дайліда выклікалі і затрымлівалі, ужо былі летам мінулага года. Тады яго на трое сутак змясцілі у ІЧУ, а пасля далі адказ, што ніякіх парушэнняў у дзеяннях рэдактара няма. Але да гэтага часу няма адказу ні з пракуратуры, ні са Следчага камітэта на скаргу, на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.
Чытайце яшчэ:
Сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў заблакавалі ў Расіі
Сайт «Прессбола» заблакавалі за архіўнае фота «нелаяльнага» футбаліста
«Айфоны калег ускрылі спецыяльнай прыблудай на раз-два». Аповед журналістаў, чыю рэдакцыю знішчылі два месяцы таму