У Гомелі ў кватэры журналістаў-сужэнцаў Марыі Булавінскай і Сяргея Ляпіна сілавікі правялі ператрус
Пра гэта паведаміла Марыя ў сваім пасце ў Facebook.
Хто рабіў ператрус – ГУБАЗіК ці шэраговыя міліцыянеры, яна не паведамляе. Таксама невядома, з якой нагоды, у межах якой справы і ці была на ператрус санкцыя пракуратуры. Вядома толькі, што вобшук правялі 18 кастрычніка ў кватэры па вуліцы Царыкава, якая афіцыйна належыць Сяргею Ляпіну. Сям’я не выключае, што яшчэ адзін ператрус мог быць зроблены ў кватэры, дзе была зарэгістравана Марыя.
У допісе Марыя паведаміла, што ніякай тэхнікі ў іх кватэры не было, але былі яе кнігі па гісторыі Беларусі, за захаванасць якіх яна надзвычай хвалюецца.
Гэта другі па ліку ператрус за сёлета ў жыллі Марыі Булавінскай і Сяргея Ляпіна, сілавікі ўжо прыходзілі да іх увесну. Раней Марыя і Сяргей некаторы час супрацоўнічалі з інфармацыйным рэсурсам, які ўлады прызналі экстрэмісцкім. У 2021 годзе сям’я вымушана ў мэтах бяспекі з’ехала з Беларусі.
Чытайце яшчэ:
Час перазапускаў: новыя назвы, але вядомыя каманды. Як змянілася медыяполе Беларусі пасля 2020-га
Украінскі народ у асобе прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ўзнагароджаны прэміяй Сахарава «За свабоду думкі»
Экажурналіст Аляксей Аўчыннікаў: «З’ехаў, каб мець магчымасць гаварыць пра праблемы, не хаваючы свой твар за ананімнымі імёнамі»