У суботу калегі наведаюць магілу Паўла Шарамета ў Мінску
У суботу споўніцца 3 гады з моманту забойства Паўла Шарамета. У гэты дзень калегі збіраюцца наведаць магілу журналіста на Паўночных могілках у Мінску, ускласці кветкі і ўзгадаць Паўла.
Наведванне адбудзецца а 12‑й гадзіне на Паўночных могілках (схема).
Жадаючыя могуць даехаць туды самі ці разам сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Ад’езд — аб 11:00 ад офіса арганізацыі (г.Мінск, вул.Кальварыйская, 16).
Калі Вы хочаце паехаць з намі, калі ласка, паведаміце пра гэта па тэлефоне 8029–138-57–96.
Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў. Акалічнасці яго смерці да гэтага часу не расследаваныя.
20 ліпеня 2016 года ў машыне, на якой ехаў вядомы журналіст, спрацавала выбуховае прыстасаванне. Выбух прагрымеў у 7.45 на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасць узрыўчаткі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 г у тратылавым эквіваленце. Пасля высветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны МОН-50.
Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу на падставе артыкула «Наўмыснае забойства». Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, па дапамогу да якіх звярнуліся ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядаецца помста за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключае, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі становішча ва Украіне, з‑за асабістых матываў або памылкова (мэтай магла быць грамадзянская жонка загінулага — уладальніца «Украинской правды» Алена Прытула, менавіта на яе аўтамабілі рухаўся Шарамет у момант трагедыі).
Павел Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 года ў Мінску. Пасля школы паступіў на гістарычны факультэт БДУ, дзе правучыўся тры курсы. Скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Да 1992 года працаваў у адным з беларускіх банкаў. Затым прыйшоў на беларускае тэлебачанне. Вядомасць атрымаў як вядучы штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект».
У 1996 годзе працаваў галоўным рэдактарам «Белорусской деловой газеты». У тым жа годзе быў прызначаны загадчыкам беларускім бюро Грамадскага расійскага тэлебачання (цяпер — Першы канал) і ўласным карэспандэнтам канала па Беларусі.
У ліпені 1997 года, падчас здымкі рэпартажу аб сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі паводле абвінавачання ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Яго прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго года выпрабавальнага тэрміну, журналіст правёў у турме тры месяцы.
У 1998 годзе Шарамет пачаў працаваць спецыяльным карэспандэнтам праграм «Навіны» і «Час» дырэкцыі інфармацыйных праграм расійскага канала ОРТ, а ў студзені 1999-га заняў пасаду шэф-рэдактара расійскай і замежнай карэспандэнцкай сеткі дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Быў вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Час».
У 2000 годзе Шарамет пакінуў праграмы навін і працягваў працаваць на Першым канале як аўтар дакументальных фільмаў і спецыяльных праектаў у межах інфармацыйных праграм. Канчаткова пакінуў тэлеканал у 2008 годзе.
З 2009 года быў рэдактарам аддзела палітыкі і грамадства ў часопісе «Огонёк». У 2011 годзе Шарамет нядоўга вёў перадачу «Прысуд» на тэлеканале РЕН ТВ.
Быў сузаснавальнікам папулярнага грамадска-палітычнага інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі партызан» і навукова-папулярнага інтэрнэт-выдання «Гістарычная праўда».
З 2012 года вёў блог у інтэрнэт-газеце «Украинская правда», у далейшым стаў яе выканаўчым дырэктарам.
З верасня 2013-га па 2014 год працаваў вядучым праграмы «Прав? Да!» на Грамадскім тэлебачанні Расіі.
У чэрвені 2015 года запусціў аўтарскі праект «Дыялогі» на ўкраінскім тэлеканале 24. З верасня 2015 года вёў ранішнія перадачы на «Радио Вести», з пачатку 2016-га — будзённую праграму «Раніца Паўла Шарамета» там жа.
Суаўтар кнігі «Выпадковы прэзідэнт», прысвечанай праўленню Аляксандра Лукашэнкі.