У Брэсцкі райсуд журналіст не можа трапіць па рэдакцыйным пасведчанні
У гэтым пераканаўся сябра ГА “БАЖ” Алег Супрунюк, які збіраўся прысутнічаць на судовым пасяджэнні па справе, што мела грамадскі рэзананс.
Як распавёў Алег Супрунюк, 30 студзеня ў якасці рэдактара сайта “Першы рэгіён” ён меў намер асвятляць разгляд адміністрацыйнай справы жыхаркі Брэсцкага раёна Юліі Нічыпарук. Жанчыну абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікеце, калі яна разам з дзецьмі зляпіла снегавікоў і ўпрыгожыла іх улёткамі і налепкамі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
«Працэс па “справе снегавікоў” сапраўды выклікаў цікавасць у грамадскасці, але далёка не ўсе змаглі трапіць у залу пасяджэнняў, бо супрацоўнік аховы ў будынак суда Брэсцкага раёна дазваляў прайсці толькі тым, хто паказваў пашпарт”, — кажа Алег Супрунюк.
Журналісту, які меў пры сабе рэдакцыйнае пасведчанне і шэраг іншых асабістых дакументаў, акрамя пашпарта, таксама не дазволілі прайсці ў памяшканне суда, каб прысутнічаць пры разглядзе адміністрацыйнай справы.
“Такі падыход здзівіў яшчэ і таму, што на ўваходзе ў будынак Брэскага райсуда размешчана паведамленне для грамадзян. Згодна яго, пропуск у суд адбываецца па дакументах, якія сведчаць пра асобу, з далейшай рэгістрацыяй у кнізе ўліку наведнікаў, — дадае Алег Супрунюк. — Спробы давесці супрацоўніку аховы, што рэдакцыйнае пасведчанне з’яўляецца такім дакументам, плёну не мелі”.
Паводле Супрунюка, з такім фактам у судовых установах Брэсцкай вобласці ён сутыкнуўся ўпершыню, бо раней у іншых раённых судах ніякіх перашкод для журналістаў, каб трапіць на працэс, не было.
“Гэта безумоўнае парушэнне! Такімі дзеяннямі было парушана і права Юліі Нічыпарук на галосны судовай працэс, і права Алега Супрунюка на доступ да інфармацыі, — каментуе інцыдэнт з журналістам у Брэсцкім райсудзе намеснік старшыні ГА “БАЖ”, юрыст Алег Агееў. — Я рэкамендую абскардзіць такія дзеянні з абгрунтаваннем пазіцыі на падставе заканадаўства аб СМІ і працэсуальнага заканадаўства, якое рэгулюе галоснасць судаводства”.