Пачаўся суд над рэдактаркай Валерыяй Касцюговай, якую больш за паўтара года трымаюць за кратамі
У Мінскім гарадскім судзе 6 лютага прыступілі да разгляду справы журналісткі і паліталагіні Валерыі Касцюговай. У СІЗА яна ўжо больш за паўтара года і на падставе трох крымінальных артыкулаў абвінавачваецца ў “злачынствах супраць дзяржаўнага ладу”.
Разам з Валерыяй Касцюговай паводле аналагічных абвінавачанняў судзяць менеджарку публічнага адміністравання Таццяну Кузіну. На працэс прызначана суддзя Дзіна Кучук, вядомая суровымі прысудамі актывістам ініцыятывы “Страна для жизни” ды фігурантам іншых палітычных спраў.
Папярэдне пасяджэнне запланавана ў адкрытым фармаце – хоць мноства прыкладаў, калі нібыта дзеля “захавання таямніцы следства і персанальных звестак” яго хутка робяць закрытым для ахвочых папрысутнічаць непасрэдна ў судовай зале.
Валерыю Касцюгову затрымалі ў Мінску разам з мужам-аналітыкам і бацькам-інвалідам 30 чэрвеня 2021 года супрацоўнікі КДБ. Перад тым у кватэры правялі ператрус, забралі носьбіты інфармацыі.
Мужчын пасля допыту адпусцілі, а журналістку выправілі ў ізалятар на Акрэсціна. Неўзабаве яна апынулася ў СІЗА №1 Мінска, дзе стала падазраванай па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Усе пацвярджаюцца ў анонсе да працэсу, змешчаным на сайце Вярхоўнага суда: арт. 357, ч. 1 (“змова ці ішыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады”), арт. 361–1, ч. 3 ( “заклікі да дзеянняў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы”), арт. 130, ч. 3 (“распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці”).
Сукупна санкцыі па згаданых артыкулах цягнуць суровыя наступствы, ажно да 12 гадоў зняволення.
Таццяну Кузіну супрацоўнік КДБ затрымалі на суткі раней, у ноч на 29 чэрвеня, у мінскім аэрапорце, калі тая збіралася адляцець у Грузію. Яна сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, экспертка даследчага праекта Bipart. Абвінавачванні супраць яе ідэнтычныя тым, што выставілі і Валерыі Касцюговай.
Абедзьвюх экспертак праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі.
Нядаўна за кратамі Валерыя Касцюгова адзначыла 55-гадовы юбілей. Яна так і не змагла развітацца з бацькам, якога доўгі час даглядала з прычыны яго хваробы і які памёр праз некалькі месяцаў пасля зняволення дачкі.
Валерыя Касцюгова – заснавальніца сайта экспертнай супольнасці “Наше мнение”, рэдактарка і аўтарка аналітычнага “Беларускага штогодніка”, кіраўніца групы экспертаў маніторынгу “Беларусь у фокусе”.
Шлях у журналістыку пачынала ў першай палове 1990‑х на беларуска-амерыканскай FM-радыёстанцыі “Бі-Эй”. Пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года, адтуль звольнілася.
Перайшла ў незалежнае грамадска-палітычнае выданне “Белорусская деловая газета”, дзе адказвала за тэму міжнародных зносін. Паралельна пісала аналітычныя тэксты для інтэрнэт-выдання “Наше мнение”, ля вытокаў якога ў 2003 годзе стаяў журналіст Аляксандр Фядута, цяпер гэтаксама палітвязень. Пасля фактычнай ліквідацыі “БДГ” стала спачатку мадэратарам сайта, а затым галоўнай рэдактаркай.
З 2008 года разам з мужам, аналітыкам Анатолем Панькоўскім, пачала рэдагаваць “Беларускі штогоднік” – збор аглядаў, прысвечанных сітуацыі ў Беларусі. Гэта яшчэ адно дзецішча Аляксандра Фядуты, якое высілкамі новай кіраўніцы атрымала якаснае і змястоўнае пераўвасабленне.
Таксама яна кіраўніца Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы пры Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў. Яшчэ нядаўна аналітычны досвед Валерыі Касцюгавай годна ацэньвалі ў тым ліку ўлады Беларусі, ухваліўшы яе кандыдатуру ў складзе экспертнай рады міжнароднай кансультацыйнай пляцоўкі “Мінскі дыялог”.
Чытайце яшчэ:
Валерия Костюгова. История политического обозревателя
Журналіста Паўла Падабеда пасля 15-суткавага арышту перавялі на «Валадарку»
Гродзенская актрыса Наталля Лявонава: «Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»