Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуды прадстаўніцам TUT.by
«Сёння галоўную рэдактарку і гендырэктарку TUT.by асудзілі да 12 гадоў калоніі. Ведаеце, да 2020 года TUT.by быў для мяне проста сайтам, дзе я кожны дзень чытала навіны. Ужо пазней я пазнаёмілася з людзьмі, якія яго робяць, убачыла, як журналісты і рэдактары стаяць адно за аднаго. І як прадстаўнікі ўсіх беларускіх медыяў падтрымліваюць калегаў падчас цяжкасцяў. Вядома, прысуд Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай – гэта чарговая спроба рэжыму забіць сумленную журналістыку ў Беларусі. А яшчэ гэта асабістая помста гэтым цудоўным жанчынам і вялікім прафесіяналкам.
Сёння я б вельмі хацела абняць іх блізкіх і сказаць: «Паглядзіце, як адбудавалі працу вашыя калегі». Як тыя, каго Марына і Міла бралі на працу і вучылі, працягваюць іх справу. Як не губляюць моц духу журналісты – і робяць мерч «ва ўсім вінаваты TUT.by», калі ў чарговы раз рэжым абвінавачвае іх ва ўсіх бедах нашай краіны. Я бачу гэтую працу, бачу вочы людзей, якія за ёй стаяць. І абсалютна не сумняюся ў тым, што ўсе каштоўнасці Мілы і Марыны – перамогуць, а яны, нарэшце, выйдуць на волю. А пакуль свет не можа чуць іх саміх – мы будзем іх галасамі».
Чытайце яшчэ:
Рэдактару «Інфа-Кур’ера» і яго намесніку прызначылі па 15 сутак арышту за непадпарадкаванне
Медыяэкспертку Валерыю Касцюгову пакаралі 10 гадамі калоніі за «злачынствы супраць дзяржаўнага ладу»
Журналіста Сяргея Сацука перавялі ў магілёўскую калонію і «ўзнагародзілі» статусам «экстрэміста»