• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Свабода слова — краевугольны камень любога дэмакратычнага грамадства. Заява да 9 жніўня

    БАЖ: Свабода слова – краевугольны камень любога дэмакратычнага грамадства. Заява да 9 жніўня

    9 жніўня – другая гадавіна апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь. У 2020 годзе замест прызнання дэмакратычнага выбару грамадзян улады перакрэслілі яго шляхам ужывання гвалту, жорсткага прыгнечання дэмакратычных сіл і свабоды выказвання. Рэжым паставіў пад пагрозу і незалежнасць краіны, падтрымаўшы агрэсіўную вайну Крамля супраць Украіны.

    За мінулыя два гады беларускія СМІ сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным ціскам з боку дзяржавы, якая мае адзіную мэту – цалкам знішчыць незалежную журналістыку ў Беларусі.

    Узмацненне жорсткасці рамак прававога рэгулявання СМІ, прызнанне шэрагу незалежных СМІ «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а іх публікацый – «экстрэмісцкімі матэрыяламі», абмежаванне доступу да інтэрнэт-сайтаў незалежных СМІ, закрыццё незалежных медыя і стварэнне перашкод для распаўсюду друкаванай прэсы – гэта толькі малая частка палітыкі, якую разгарнула ўлада.

    Адным з інструментаў у барацьбе з незалежнымі журналістамі сталі масавыя адвольныя затрыманні прадстаўнікоў медыя (у 2020 г. – 480 выпадкаў, у 2021 г. – 113 выпадкаў, у 2022 г. – ужо 23 выпадкі), якія часта суправаджаліся фізічным і псіхалагічным гвалтам, нараўне з пашкоджаннем або адабраннем прафесійнай тэхнікі, а таксама прыцягненнем да адказнасці ў выглядзе адміністрацыйных арыштаў і штрафаў.

    Аднак адна з самых жорсткіх формаў пераследу з боку уладаў — завядзенне палітычна матываваных крымінальных спраў у дачыненні да супрацоўнікаў медыя.

    На сёння ў Беларусі 30 прадстаўнікоў медыя знаходзяцца за кратамі.

    Свабода слова з’яўляецца краевугольным каменем любога дэмакратычнага грамадства. Беларуская асацыяцыя журналістаў — найбуйнейшае дэмакратычнае аб’яднанне прадстаўнікоў медыя ў Беларусі, нягледзячы на ціск уладаў працягвае ажыццяўляць сваю дзейнасць па абароне свабоды СМІ і свабоды слова. Мы ўпэўненыя, што міжнародная супольнасць не павінна заплюшчваць вочы на рэпрэсіі супраць незалежнага медыясектара і абуральных парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да прадстаўнікоў СМІ ў Беларусі.

    Падтрымка незалежных медыяў у Беларусі тым больш важная ва ўмовах агрэсіўнай пракрамлёўскай і праўладнай прапаганды.

    Заклікаем нашых міжнародных калег, журналісцкія і праваабарончыя арганізацыі звярнуцца да ўладаў Беларусі з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да медыяў і грамадзян краіны за выказванне свайго меркавання. Просім звяртацца і да ўрадаў сваіх краін з тым, каб яны выкарыстоўвалі свой палітычны ўплыў на беларускія ўлады для аднаўлення ў Беларусі свабоды выказвання меркавання, якая не толькі адносіцца да фундаментальных правоў і свабод чалавека, але і з’яўляецца крытэрам захавання ўсіх іншых грамадзянска-палітычных правоў.

    Просім таксама выказаць салідарнасць з беларускімі журналістамі, блогерамі, актывістамі, якія церпяць пераслед за рэалізацыю права на свабоду выказвання.

    Свабоду беларускім журналістам!

    #Free­Me­di­aFor­Be­larus
    #BecauseThe­Jour­nal­ist

    Як падтрымаць беларускія медыя

    Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА

    Рэпрэсіі супраць журналістаў у 2022 годзе (табліца, спіс зняволеных)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці