• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд патлумачыў, за што аштрафавалі журналіста TUT.BY

    Павел Дабравольскі атрымаў матывавальную частку пастановы суда Фрунзенскага раёна Мінска, які 25 студзеня аштрафаваў яго на 9 млн 450 тысяч рублёў пасля затрымання і збіцця супрацоўнікамі міліцыі.

    Матывавальная частка цытуе сведчанні міліцыянтаў, якія давалі паказанні ў судзе.

    Сведка Шышко даводзіў, што «Дабравольскага П.П. убачыў, калі аказваў дапамогу супрацоўніку міліцыі Каваленку С.В., які выводзіў з залы двух затрыманых. Дабравольскі П.П. пабег за імі ў калідор і пачаў навальвацца на Кавальчука С.І., хапацца за каўнер яго курткі і цягнуць на сябе, таксама выказваў нецэнзурную лаянку на адрас дзейнай улады і супрацоўнікаў міліцыі».

    Паводле паказанняў сведкі Кавальчука, «у холе стаяў Дабравольскі П.П., які выбег з хола ў ізаляваны калідор і наваліўся на яго ззаду, схапіў за каўнер і пачаў цягнуць у адваротны бок».

    “Нягледзячы на непрызнанне віны Дабравольскім П.П., суддзя прыйшоў да высновы пра яго вінаватасць у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння (…)”, – гаворыцца ў дакуменце.

    Непрызнанне віны Паўлам Дабравольскім суддзя Марыя Ярохіна расцаніла як “выбраны ім іспосаб абароны з мэтай сысці ад вызначанай законам адказнасці за здзейсненае”.

    Нагадаем: 25 студзеня ў Мінску карэспандэнта беларускага партала TUT.BY, сябра ГА “БАЖ” Паўла Дабравольскага жорстка збілі супрацоўнікі міліцыі пры выкананні ім прафесійных абавязкаў. Журналіст асвятляў ход судовага працэсу па «справе графіцістаў» у судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска.

    Дабравольскі знаходзіўся ў будынку суда за дзвярыма залы пасяджэнняў. У пэўны момант з залы вывелі двух актывістаў – Паўла Сяргея і Максіма Шыціка, якія разгарнулі ў судзе пратэстныя плакаты. Павел Дабравольскі пачаў фіксаваць гэта на мабільны тэлефон і пайшоў за групай у нейкі калідор. Там яго разам з двума затрыманымі ўпіхнулі ў пакой і зачынілі дзверы, пасля чаго ўсіх траіх павалілі на падлогу і пачалі збіваць нагамі. Збівалі людзі ў цывільным, якія аказаліся супрацоўнікамі АМАП і сведчылі пазней супраць затрыманых у судзе.

    У Паўла Дабравольскага было пры сабе пасведчанне журналіста, на якое ён марна спрабаваў звярнуць увагу супрацоўнікаў міліцыі. Пасведчанне забралі разам з мабільным тэлефонам.

    Маладых людзей пратрымалі каля 20 хвілін тварам у падлогу. Пасля гэтага супрацоўнік Фрунзенскага РУУС адвёз іх у пастарунак, дзе на іх склалі пратаколы. На Дабравольскага склалі два пратаколы – паводле арт. 17.1 КаАП «дробнае хуліганства» і 23.4 «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы».

    З РУУС затрыманых даставілі зноў у суд Фрунзенскага раёна, дзе суддзя Марыя Ярохіна адразу ж разгледзела складзеныя на іх пратаколы. Міліцыянты-сведкі заявілі, што Павел Дабравольскі атрымаў траўмы, абараняючы сваіх сяброў-актывістаў, і лаяўся матам.

    У выніку журналісту Паўлу Дабравольскаму і актывісту Максіму Шыцікаву прысудзілі па 45 базавых велічыняў штрафу (9 450 000 рублёў), а Паўлу Сяргею – 50 базавых (10 500 000 рублёў).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці