Штрафы гродзенскім фрылансерам пакінулі ў сіле
Рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна, які аштрафаваў журналістаў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча за парушэнне арт. 22.9 ч.2 КаАП, засталося ў сіле.
22 верасня суддзя Гродзенскага абласнога суда Мікалай Рачынскі разглядаў касацыйную скаргу фрылансераў усяго некалькі хвілін.
«Сістэма працуе, сістэма наладжана. У мяне нават ніякай надзеі не было на тое, што рашэнне суда першай інстанцыі адменяць», – пракаментаваў вынік слуханняў Алесь Дзянісаў.
Алесь Кіркевіч лічыць касацыю фармальнасцю як для міліцыі, так і для судоў: «Міліцыянты казалі нам пры складанні пратаколаў, што гэта ўсё спускае «старэйшы брат» з КДБ. А суды нічога не вырашаюць. І мы яшчэ раз у гэтым пераканаліся».
«Суддзя Мікалай Рачынскі папросту пацвердзіў рашэнне папярэдняй інстанцыі. Такім чынам, словы кіраўніка дзяржавы пра тое, што ён разбярэцца ў сітуацыі са штрафамі журналістам-фрылансерам, проста засталіся гучнымі словамі», – заўважае гродзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч.
Нагадаем: 19 жніўня суд Ленінскага раёна Гродна (суддзя Юрый Казакевіч) прызнаў журналістаў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава вінаватымі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП і аштрафаваў кожнага на 25 базавых велічыняў (па 4,5 млн рублёў).
Нагодай для завядзення справы стаў відэасюжэт пра выставу літоўскіх лялек у Гродне, размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат”.
Журналістаў абвінавацілі ў “незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”, а менавіта – падрыхтоўцы інфармацыйнага матэрыялу для замежнага СМІ без акрэдытацыі.
Судовы разгляд распачаўся яшчэ 23 ліпеня, але суддзя вырашыў накіраваць матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю. 14 жніўня працэс аднавіўся, хаця самі журналісты адсутнічалі. Суд заслухаў сведак – мастака Аляксандра Сільвановіча і яго жонку, дырэктарку выставачнай залы Ірыну Сільвановіч. Сведкі пацвердзілі, што яны давалі інтэрв’ю згаданым журналістам.