Сайты агенцтва БелаПАН па-ранейшаму працуюць з перабоямі
– Калі сайт самога інфармагенцтва раніцай 5 кастрычніка яшчэ больш-менш адкрываецца, то доступ да інтэрнэт-газеты naviny.by вельмі запаволены альбо наогул адсутнічае, – распавялі прэс-службе ГА “БАЖ” у БелаПАН раніцай у панядзелак.
Нагадаем, што dDoS-атакі на сайты агенцтва БелаПАН пачаліся прыкладна а 12‑й гадзіне ў суботу. У нядзелю доступ быў адноўлены, аднак праблемы вярнуліся ў панядзелак.
“DDoS-атака на вылічальную сістэму звычайна ўчыняецца хакерамі з мэтай давесці яе да адмовы – гэта значыць, стварыць такія ўмовы, пры якіх легальныя карыстальнікі сістэмы не могуць атрымаць доступу да сістэмных рэсурсаў (сервераў) або гэты доступ абцяжараны”, – гаворыцца ў паведамленні БелаПАН з гэтай нагоды.
Нагадаем, што з 19 па 22 снежня 2014 года сайты агенцтва БелаПАН – belapan.com, belapan.by і naviny.by – таксама былі недаступныя, разам з шэрагам іншых рэсурсаў (belaruspartisan.org, charter97.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by). Праўда, у той раз доступ адсутнічаў не з прычыны dDos-атакі, а з‑за блакавання IP-адрасоў.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 22 снежня заявіла, што “такія захады напярэдадні чарговай прэзідэнцкай кампаніі фактычна пазбаўляюць яе сэнсу, бо ў краіне дэ-факта ўведзена надзвычайнае інфармацыйнае становішча”.
Арганізацыя таксама звярнулася да Генеральнай пракуратуры, Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце і Упраўлення МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (упраўлення “К”), патрабуючы тэрмінова забяспечыць доступ да рэсурсаў, правесці праверку іх незаконнага блакавання, высветліць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства, і прыцягнуць іх да вызначанай законам адказнасці.
Генпракуратура адпісалася ў сярэдзіне студзеня. Ведамства запэўніла, што “не ініцыявала пытанняў, звязаных з абмежаваннем доступу да ўказаных у звароце рэсурсаў для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў” і “інфармацыяй пра прыняцце дзяржаўнымі органамі ўказаных рашэнняў не валодае”. А таксама пераслала зварот ГА «БАЖ» у Мінсувязі.
ААЦ і МУС, у сваю чаргу, таксама праінфармавалі ГА “БАЖ”, што “захадаў па абмежаванні доступу да ўказаных у звароце інтэрнэт-рэсурсаў не прымалася” і “абмежаванняў на даступнасць указаных рэсурсаў не ўстаноўлена”.
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ў афіцыйным лісце на адрас ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” паведаміла, што не рабіла захадаў па абмежаванні доступу да незалежных інтэрнэт-выданняў напрыканцы снежня.
Такім чынам, ніводны з дзяржаўных органаў не ўзяў на сябе адказнасці за блакаванне.
Між тым, 19 лютага 2015 г. Пастановай ААЦ і Мінсувязі было зацверджана “Палажэнне аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх складнікаў), размешчаных у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт” (апублікавана на Нацыянальным прававым партале 25 лютага).
З пастановы вынікала, што доступ да сайтаў з “чорных спісаў” будзе закрыты – да іх будзе мець доступ толькі пэўная колькасць асобаў. Акрамя таго, любыя дзяржаўныя органы цяпер могуць зрабіць свой «унёсак» у фармаванне гэтых спісаў. Ім дастаткова ўказаць Мінінфармацыі на рэсурсы, які, на іх думку, парушаюць заканадаўства. Трэцяе – гэты працэс цалкам вынесены ў пазасудовую сферу і аддадзены на водкуп дзяржаўным органам і Мінінфарму. Парадак судовага абскарджання такіх рашэнняў не прадугледжаны. Затое ёсць асобнае палажэнне адносна таго, што блакавацца могуць нават ананімайзеры.