• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Галоўнай рэдактарцы Tut.by Марыне Золатавай і генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калоніі

    Мінскі гарадскі суд 17 сакавіка агучыў вердыкт па справе Tut.by. З прычыны надзвычайнай сакрэтнасці, у якой адбываўся працэс, да апошняга не было вядома, якія тэрміны для супрацоўніц інфармацыйнага партала запатрабавала пракуратура. 

    Закрыты працэс над шэрагам супрацоўніц зліквідаванага ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» пачаўся 9 студзеня – яго даручылі давесці да лагічнага завяршэння суддзі Валянціне Зянкевіч, дасведчанай у палітычных справах. Менавіта яна і зачытала канчатковае рашэнне: галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай – 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму, генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай – 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

    Агулам прайшлі амаль чатыры дзясяткі закрытых пасяджэнняў, «сакрэтных матэрыялаў» назбіралася аж на 180 тамоў. Праўда, замест першапачаткова заяўленых пяці ўдзельнікаў у жалезнай клетцы аказаліся двое – Людміла Чэкіна і Марына Золатава. За кратамі яны ад 18 мая 2021 года, калі сілавікі ўчынілі разгром рэдакцыі і затрымалі паўтара дзясятка супрацоўнікаў.

    Кампанію ім мусілі скласці галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блока Вольга Лойка, рэдактарка аддзела нерухомасці Алена Талкачова і юрыдычная кансультантка Кацярына Ткачэнка. Іх вызвалілі летась пад паручальніцтвы з абавязкам з’явіцца ў суд, але тыя з’ехалі за мяжу, як толькі назвалі дату працэсу. «Збеглых» абвясцілі ў міжнародны вышук, справу вылучылі ў асобную «спецвытворчасць». А напярэдадні стала вядома, што вытворчасць у дачыненні да фігурантак, якія «схаваліся ад правасуддзя», у парадку арт. 302 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса  «прыпыненая да іх вышуку».

    Сукупна тутбаеўцаў абвінавацілі па шэрагу «злачынстваў», якія апрыёры прадугледжвалі працяглыя тэрміны зняволення: нясплата падаткаў, распальванне варожасці, шкода нацбяспецы і г. д. Акрамя таго, Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка і Алена Талкачова трапілі ў спіс КДБ як асобы, «датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці».

    Такім чынам, Людмілу Чэкіну вінавацілі па трох крымінальных артыкулах:

    - ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры (арт. 243 КК);

    - распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы (арт. 130 КК);

    - заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК).

    Марыне Золатавай інкрымінавалі:

    - ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК);

    - заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);

    - распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК).

    Ужо па ходу працэсу журналістка пазбавілася сваёй абаронцы: 25 студзеня кваліфікацыйная камісія пры Міністэрстве юстыцыі правяла атэстацыю і анулявала ліцэнзію адвакаткі Аксаны Белай, якую тая атрымала ў 2003 годзе. Падазраваць спецыяліста з такім стажам у «некваліфікаванасці» як мінімум падазрона, але юрысты цяпер пад такім жа ўдарам, як і астатнія «нядобранадзейныя».

    «Уцякачкам» Вользе Лойцы і Алене Талкачовай інкрымінавалі дапамогу ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 6 арт. 16 КК, ч. 2 арт. 243 КК); наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 3 арт. 130 КК); заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК).

    Кацярыне Ткачэнцы прыпісалі дапамогу ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 6 арт. 16 КК, ч. 2 арт. 243 КК); актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

    Таксама даводзілася, што Людміла Чэкіна разам з Марынай Золатавай, Вольгай Лойкай і Аленай Талкачовай мелі дачыненне да публікацыі ў 2020–2021 гадах на сайце Tut.by і звязаных акаўнтах у сацсетках матэрыялаў, што змяшчалі «загадзя пазітыўную ацэнку дзеянняў апанентаў улады і негатыўнае адлюстраванне рашэнняў службовых асоб, якія выступалі за захаванне дзейнага канстытуцыйнага ладу, прыхаваную каардынацыю пратэснай актыўнасці ў грамадстве, звесткі, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі і прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы».

    Пры гэтым бок абвінавачання сцвярджаў, што іншыя фігуранты, якіх вызвалілі пад падпіскі аб нявыездзе і неразгалошванні, цалкам прызналі віну, кампенсавалі прычынены ўрон і заявілі хадайніцтвы на адрас Аляксандра Лукашэнкі аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці паводле падставаў, прадугледжаных арт. 88–1 Крымінальнага кодэкса.

    У рэдакцыю Tut.by сілавікі заявіліся з ператрусам 18 мая 2021 года. Тады за кратамі апынуліся паўтара дзясятка супрацоўнікаў, уключна з Юліяй Чарняўскай, жонкай памерлага заснавальніка партала Юрыя Зісера. На ўсіх завялі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Рашэннем Міністэрства інфармацыі сайт з мільённымі наведваннямі быў заблакаваны, а дзейнасць шматлікага калектыву фактычна паралізаваная.  

    Неўзабаве журналісты і менеджары, якія здолелі вырвацца з Беларусі, арганізавалі і цяпер штодзённа насычаюць кантэнтам інфармацыйны сайт Zerkalo.io. 

    Чытайце яшчэ:

    Рэдактару «Інфа-Кур’ера» і яго намесніку прызначылі па 15 сутак арышту за непадпарадкаванне

    Медыяэкспертку Валерыю Касцюгову пакаралі 10 гадамі калоніі за «злачынствы супраць дзяржаўнага ладу»

    Журналіста Сяргея Сацука перавялі ў магілёўскую калонію і «ўзнагародзілі» статусам «экстрэміста»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці