Публіцыста і рэдактара Вацлава Арэшку пачалі судзіць па справе незалежных прафсаюзаў
Мінскі гарадскі суд 25 лістапада пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў. У пераліку фігурантаў значыцца і журналіст, публіцыст, палітолаг Вацлаў Арэшка.
На лаве падсудных – старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Васіль Бераснеў, колішні лідар аб’яднання Генадзь Фядыніч, а таксама рэдактар бюлэтэня Вацлаў Арэшка. Усіх затрымалі пасля ператрусаў у красавіку 2022 года – спачатку змясцілі ў СІЗА КДБ, а затым да суда перавялі ў СІЗА №1 Мінска.
Фігурантаў вінавацяць на падставе чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
– Удзел у экстрэмісцкім фармаванні (ч. 1 арт. 361–1 КК)
– Стварэнне экстрэмісцкага фармавання (ч.3 арт. 361–1 КК)
– Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК)
– Распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК)
На першым жа пасяджэнні пракурор Раман Бізюк выступіў з з ініцыятывай перавесці працэс у закрыты фармат – маўляў, будуць фігураваць персанальныя звесткі сведак і пацярпелых, а гэта непажадана для распаўсюду. Суддзя Анастасія Папко, прызначаная на працэс, хадайніцтва падтрымала. Цяпер Мінскі гарадскі суд будзе весці справу кулуарна.
Беларускія ўлады, па-сутнасці, знішчылі незалежны прафсаюзны рух у краіне. Сёлета ў ліпені Вярхоўны суд на падставе заявы Генеральнай пракуратуры зліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, які да таго КДБ прызнаў “экстрэмісцкай арганізацыяй”, а таксама Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз металістаў, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.
Як вынік, многія кіраўнікі і актывісты апынуліся за кратамі, праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў: Аляксандра Ярашука, Сяргея Антусевіча, Васіля Бераснева, Генадзя Фядыніча, Вацлава Арэшку, Міхаіла Громава, Ірыну Бут-Гусаім, Міраслава Сабчука, Яніну Малаш, Віталя Чычмарова.
Адрозна ад бальшыні калегаў, якія прафесійна былі засяроджаныя на абароне правоў працоўных, Вацлаў Арэшка — шматгранная і знакавая ў 1990‑х і пачатку нулявых асоба, ён добра вядомы па разнастайных культурніцкіх праектах і ініцыятывах.
Вацлаў Арэшка нарадзіўся ў 1955 годзе ў расійскім Свярдлоўску, але пад уплывам бацькі-беларуса і дзякуючы дзіцячым вакацыям у бабулі пад Ляхавічамі хутка ідэнтыфікаваў свой этнічны код. Пасля вяртання сям’і ў Беларусь далучыўся да нацыянальна-свядомага актывізму.
Удзельнічаў у працы медыйнага сектару “Адкрытага фонда”, заснаванага філантропам Джорджам Сорасам.
У якасці журналіста і даследчыка гісторыі друкаваўся ў беларускіх часопісах “Спадчына”, Arche, pARTisan, сам рэдагаваў электронны сайт-архіў “Вытокі” і прафсаюзны бюлетэнь работнікаў РЭП. Гэтаксама выступаў як палітолаг у беларускіх і замежных СМІ.
Акрамя таго, ён актывіст ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”, ініцыятар стварэння пакуль што так і нерэалізаванай ідэі – “Кнігі Гонару Курапатаў” у памяць пра ахвяр рэпрэсій.
Браў удзел у дзейнасці незалежных прафаюзаў як рэдактар бюлетэня РЭП – паводле гэтай прафесійнай “прывязкі” цяпер і фігуруе ў крымінальнай справе.
Вацлава Арэшку затрымалі сёлета 19 красавіка пасля ператрусу ў кватэры. Абвінавачанне выставілі ўжо пасля зняволення ў так званую “амерыканку” (СІЗА КДБ). У ліпені фігуранта справы прафсаюзаў перавялі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Чытайце яшчэ:
Аўтара крытычнай публікацыі на сайце “Ганцавіцкі час” выклікалі ў міліцыю
Замежныя СМІ пішуць пра Беларусь усё радзей, а калі пішуць — то пра Лукашэнку
Беларускія вайскова-паветраныя сілы выдаткоўваюць каля 70 тысяч долараў на падпіску