• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прысуд Сяргею Сацуку агучаць 26 кастрычніка. Пракурор патрабуе 8 гадоў зняволення

    Аднаго дня хапіла суддзі Мінскага гарадскога суда Святлане Бандарэнка, каб распачаць і завершыць спрэчкі бакоў у справе журналіста-расследавальніка Сяргея Сацука. Праз тыдзень — абвяшчэнне прысуду. Як распавялі "Народнай волі" блізкія Сяргея, пракурор запрасіў для журналіста 8 гадоў зняволення

    19 кастрычніка на працэсе з удзелам Сяргея Сацука адбыліся фармальныя спрэчкі бакоў, якія ў палітычных працэсах звычайна маюць не самае прынцыповае значэнне. Да таго больш за тры тыдні суддзя Святлана Бандарэнка (вядомая журналісцкаму асяродку найперш тым, што летась адправіла на паўгода за краты карэспандэнтку партала Tut.by Кацярыну Барысевіч) вывучала матэрыялы следства і заслухоўвала сведкаў — уласна працэс пачаўся 23 верасня.

    Як расказалі службе маніторынгу БАЖ сваякі Сяргея Сацука, агалошванне прысуду прызначанае на 26 кастрычніка ў адкрытым фармаце. І дадаюць, што на юрыдычны цуд з апраўдальным вынікам суда пры такім наборы крымінальных артыкулаў разлічваць наўрад ці даводзіцца. Адзінае, што на нейкіх незразумелых для шырокай грамады момантах падазраваны ў “злачынствах” журналіст зможа засяродзіцца ў сваім апошнім слове.

    «Сяргей выглядае па вялікім рахунку нармальна, хаця праблемы з сэрцам нікуды не зніклі, яму ўвесь час патрэбны лекі. Стараецца трымацца бадзёра, каб падтрымаць нас, хаця мы, безумоўна, разумелі, што на апраўдальнае судовае рашэнне надзеі няма», — распавялі «Народнай волі» блізкія Сяргея.

    Сяргея Сацука — аўтара рэзанансных расследаванняў, галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала «Ежедневник» (ej.by), затрымалі 8 снежня 2021 года. Яго вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: “атрыманне хабару” (арт. 430), “распальванне варажнечы” (арт. 130), “перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў” (арт. 426). Сукупна яму пагражае да 10 гадоў зняволення, праваабаронцы прызналі журналіста палітычным вязнем.

    І хоць Сяргей Сацук выступае фігурантам трох, здавалася б, вонкава не звязаных крымінальных спраў, аднак, як мяркуюць ягоныя калегі, падстава для пераследу адна — журналісцкія расследаванні, якія тычыліся маштабнай карупцыі ў медыцынскай галіне. На падставе здабытых фактаў ён расказаў пра беспрэцэдэнтныя “адкаты” за пастаўку дарагога абсталявання; закупку незарэгістраванай вакцыны, якую калолі беларускім дзецям; фальсіфікацыю лічбаў распаўсюду COVID-19 у Беларусі.

    Насуперак здароваму сэнсу, за агучванне праўды да адказнасці намагаліся прыцягнуць самога аўтара расследаванняў: дзяржпрапаганда пачала распаўсюджваць “правераныя звесткі”, што з’яўленне такіх артыкулаў стымулявалі неназваныя “зацікаўленыя асобы”. А следам і Аляксандр Лукашэнка публічна загадаў КДБ разабрацца з “пісакамі”, якія публікуюць фэйкі.

    А ўжо 25 сакавіка 2020 года, літаральна за выхадам чарговага расследавання, па журналіста прыйшлі сілавікі. Пашчасціла, што паралельна набірала абароты «справа ўрачоў» — усе факты, выкладзеныя раней журналістам, пацвердзілі праваахоўныя органы. У выніку пракурор змяніў меру стрымання пад падпіску аб невыездзе.

    Але пакінулі ў спакоі ненадоўга: Сяргея Сацука ізноў затрымалі 8 снежня 2021 года па старой справе аб «атрыманні хабару». У той жа дзень рашэннем Міністэрства інфармацыі быў заблакаваны доступ да сайта ej.by. А ўжо ў няволі “тэчка” фігуранта пачала абрастаць новымі эпізодамі — дадаліся крымінальныя артыкулы аб “распальванні варажнечы” і “перавышэнні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў”.

    Чытайце яшчэ:

    Час перазапускаў: новыя назвы, але вядомыя каманды. Як змянілася медыяполе Беларусі пасля 2020-га

    У Гомелі ў кватэры журналістаў-сужэнцаў Марыі Булавінскай і Сяргея Ляпіна сілавікі правялі ператрус

    Украінскі народ у асобе прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ўзнагароджаны прэміяй Сахарава «За свабоду думкі»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці