Праваабаронцы прызналі палітзняволенай экс-супрацоўніцу тэлеканала «Беларусь 2»
Праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай аб прызнанні палітычнымі вязнямі 12 асобаў, затрыманых ці ўжо асуджаных паводле «народнага артыкула» за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. У гэтым пераліку і былая работніца Белтэлерадыёкампаніі Вольга Гладкая.
У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») у дачыненні да Вольгі Гладкай, Максіма Сташулёнка, Ірыны Савашынскай, Канстанціна Зарэмбы, Альберта Гарбуза, Максіма Сенніка, Уладзіслава Шукана, Дзмітрыя Юртаева, накіраванні для адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі ў папраўчыя ўстановы Мікіты Нядзелькі, Наталлі Сялях, Максіма Палітава, Аляксандра Несцярэнкі падпісанты адзначаюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У дакуменце падкрэсліваецца, што выступы грамадзян летам-восенню 2020 года насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя. Самі ж сходы мелі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстрантаў атакавалі спецпадраздзяленні МУС з непрапарцыйным ужываннем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Цяпер колькасць палітвязняў у Беларусі складае 1466 чалавек, уключна з дзясяткамі прадстаўнікоў медыя. Гэтым разам яго папоўніла і экс-супрацоўніца тэлеканала «Беларусь 2» Вольга Гладкая.
Былую менеджарку Белтэлерадыёкампаніі затрымалі 27 лютага, цяпер 47-гадовая жанчына ўтрымліваецца ў следчым ізалятары Жодзіна.
Супрацоўніцтва Вольгі Гладкай з Нацыянальнай тэлерадыёкампаніяй распачалося яшчэ ў «нулявых», апошнім часам спецыялістка была прыпісана да каналу «Беларусь 2».
Яна — выпускніца філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, але на Макаёнка, 9 у сферу яе адказнасці ўваходзіла афіцыйнае справаводства, адсочванне выканання дамоваў і г.д.
З разрозненых звестак ад адваката вынікае, што матэрыялы з агульнай справы, пачатай ГУУС Мінгарвыканкама за «масавыя беспарадкі» 2020 года, выдзяляюцца ў асобныя вытворчасці, але дакладна невядома, куды далей яны трапляюць.
7 сакавікаў прысутнасці адваката адбыўся першы допыт затрыманай, а яшчэ праз два дні ёй высунулі абвінавачванне на падставе «народнага» артыкула 342 — удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.
У жніўні 2020 года, калі па ўсёй Беларусі пракацілася хваля пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і беспрычыннага гвалту сілавікоў, многія работнікі тэлерадыёкампаніі выступілі за аб’ектыўнае асвятленне падзеяў у краіне і абвясцілі страйк салідарнасці з пратэстоўцамі. Калі патрабаванні ў выніку былі праігнараваныя, удзельнікі акцыі масава напісалі заявы пра звальненне.
У верасні гэта зрабіла і Вольга Гладкая, якая яшчэ раней планавала змяніць сферу дзейнасці на і пайсці вучыцца на тэстыроўшчыка з далейшым працаўладкаваннем у ІТ-індустрыі. Але выглядае, што яе сыход «кантралёры» расцанілі інакш.
Спробы адвакатаў дамагчыся вызвалення жанчыны пад грашовы заклад — яна мае праблемы з сэрцам і патрабуе пастаяннага медыкаментознага лячэння — плёну не мелі.
Праваабаронцы ў сваёй заяве ацэньваюць пераслед асоб, пазбаўленых волі і абвінавачаных у «групавых дзеяннях», як палітычна матываваны ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання. На гэтай падставе названыя людзі прызнаюцца палітычнымі зняволенымі.
Чытайце яшчэ:
«Заканчивалось это тем, что заканчивалась цензура». Историк о прошлом и настоящем
Журналіста выдання «Коммерческий Курьер» асудзілі на 15 сутак
Дзіцячы канал «Бэйбус» запусціў цыкл пазнавальных праграм для самых маленькіх.