• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праваабаронцы прызналі блогера Аляксандра Ігнацюка палітвязнем

    Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі ўпэўнены, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную дзейнасць выкарыстоўваюцца ўладамі дзеля падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў. 

    Блогер Аляксандр Ігнацюк — аўтар «Пра Столін» і былы рэдактар незалежнай раёнкі. Яго затрымалі напачатку жніўня і змясцілі ў следчы ізалятар у Брэсце. Паводле пакуль афіцыйна непацверджаных звестках, яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса).

    Ёсць інфармацыя, што днямі Ігнацюка маглі этапаваць з Брэста ў СІЗА ў Баранавічы.

    Аляксандр Ігнацюк вядомы тым, што напрыканцы 90‑х – пачатку 2000‑х выдаваў незалежную рэгіянальную газету «Вечерний Столин» і быў яе галоўным рэдактарам.

    У 2003 годзе паводле загаду тагачаснага міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага, выпуск газеты прыпыняўся на 3 месяцы, бо рэдакцыя нібыта парушыла арт. 5 «Закона аб друку і іншых СМІ». Газета «Вечерний Столин» аднавіла выхад у кастрычніку 2003 года, аднак ужо ў снежні суд прызнаў Аляксандра Ігнацюка вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады — былога старшыні Столінскага райвыканкама Уладзіміра Пашкевіча (арт. 369 КК). Тады рэдактара газеты пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь, што складала на той час каля 230 долараў.

    У лютым 2004 года заснавальнік і галоўны рэдактар «Вечернего Столина» зноў атрымаў па пошце папярэджанне і загад аб прыпыненні выдання на 3 месяцы. Абодва дакументы былі падпісаныя міністрам інфармацыі Уладзімірам Русакевічам. На думку міністра, газета груба парушала дзейнае заканадаўства: у прыватнасці, артыкулы 30 і 11 закона «Аб друку» і некалькі пастаноў Савета міністраў.

    Рэдакцыю абвінавацілі ў тым, што рэкламныя матэрыялы перавышаюць 30% аб’ёму нумароў, калі «газета не зарэгістраваная ў якасці спецыялізаванага сродку масавай інфармацыі для паведамленняў і матэрыялаў рэкламнага характару».

    Другая прэтэнзія да газеты тычылася змены яе тэматыкі і мовы без пісьмовага апавяшчэння рэгіструючага органа. У папярэджанні вялася гаворка пра тое, што выданне змяніла тэматыку з «вытворча-практычнай і для вольнага часу на масава-палітычную», а замест рускай і беларускай моў перайшло на рускую, не паведаміўшы пра гэта Міністэрству інфармацыі ў месячны тэрмін.

    У выніку выхад газеты «Вечерний Столин» больш не аднавіўся. Пасля таго Аляксандр Ігнацюк стварыў сайт «Про Столин» — на сёння сайт недасяжны, працаваў як журналіст-фрылансер і займаўся блогерствам.

    Чытайце яшчэ:

    «У калоніі дапамагаў іншым зняволеным, але непублічна, таемна». Інтэрв’ю Леаніда Судаленкі для БАЖ

    Міністэрства інфармацыі разблакавала рэгіянальны сайт BrestNote

    Папаўненне ў спісе экстрэмісцкіх фармаванняў – «Гомельская вясна» з імем былой журналісткі Ларысы Шчыраковай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці