Прадстаўнік СК Ерашэнкаў асабіста вырашыў не даваць інфармацыю “Газеце Слонімскай”
Пасля публікацыі на сайце БАЖ нататкі “Газеце Слонімскай” адмовілі ў атрыманні інфармацыі ў райаддзеле Следчага камітэта”, галоўнаму рэдактару “ГС” Віктару Валадашчыку патэлефанаваў начальнік Слонімскага райаддзела Следчага камітэта Яўген Ерашэнкаў.
Нагадаем, што ў нататцы аўтара ішла размова пра атрыманне ў розныя гады журналістамі “ГС” інфармацыі з крымінальнай хронікі ад слонімскіх сілавікоў ды нядаўнюю адмову ў атрыманні такой інфармацыі з боку Яўгена Ерашэнкава.
Як зазначыў Віктар Валадашчук пасля размовы з галоўным следчым Слоніма, Яўген Ерашэнкаў сказаў, што не даваць інфармацыю журналісту “ГС” Таццяне Плахетка было яго асабістым рашэннем пасля перадруку на сайце артыкула “Главный следователь страны построит дом в «Дроздах‑2», хотя уже получил льготный коттедж в Пинске”.
“Я хачу, каб на тым самым сайце (маецца на ўвазе сайт ГА «БАЖ» — М.К.) напісалі, што не даваць вам больш інфармацыю — гэта быў мой асабісты пратэст на вашу публікацыю, хаця раней мы з вамі плённа супрацоўнічалі праз штотыднёвыя брыфінгы, на якія я запрашаў вашых журналістаў. А то цяпер мне тэлефануюць з пытаннямі з нашай прэсс-службы, з “Радыё Свабода…”, — цытуе следчага Віктар Валадашчук.
Пра тое, як будзе ладзіцца супрацоўніцтва следчых органаў з газетай далей, канкрэтна начальнік райаддзела Следчага камітэта нічога не сказаў, зазначыў галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай”.