• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Газеце Слонімскай” адмовілі ў атрыманні інфармацыі ў райаддзеле Следчага камітэта

    З атрыманнем інфармацыі ад сілавікоў у “Газеты Слонімскай” (напэўна, як і ў большасці прыватных грамадска-палітычных выданняў) заўсёды былі пэўныя цяжкасці. Можна нават вызачыць пэўны алгарытм у гэтых дачыненнях: інфармацыю давалі, інфармацыю давалі дазавана, інфармацыю давалі “неафіцыйна”, інфармацыю не давалі. Пад інфармацыяй тут, найперш, маецца на ўвазе фабула здарэнняў на Слонімшчыне за тыдзень.

    З канцы 1990‑х і цягам 2000‑х гадоў журналісты “ГС” (і аўтар гэтых радкоў у свой час таксама) наведваліся раз на тыдзень у Слонімскі РАУС з блакнотам і дыктафонам, як правіла, у аддзяленне крымінальнага вышуку, дзе запісвалі здарэнні — колькі ўкралі ў каго на тыдні курэй, хто з кім пабіўся, дзе абабралі п’янага ці краму і падобнае. Здараліся, канечне, і рэзанансныя здарэнні — забойствы, згвалтаванні — пра што мы таксама пісалі з падачы міліцыі, а часам і пракуратуры. Калі статсункі за гады супрацоўніцтва такім чынам наладжваліся, супрацоўнікі міліцыі часам начытвалі інфармацыю і па тэлефоне. Але тыя стасункі аднойчы псаваліся. Альбо з‑за нейкай публікацыі, альбо пасля змены міліцэйскага, ці раённага кіраўніцтва, калі зверху паступаў загад не даваць “ГС” ніякай інфармацыі.

    Тым часам жыццё працягвалася і пасля гэтых “не даваць”. Міліцыі ж патрэбна было змяшчаць у газеце і свае інфармацыйныя матэрыялы: пра вышук чалавека ды падобнае. Таму з часам стасункі зноў наладжваліся, спачатку неафіцыйна, а потым і на афіцыйным узроўні. Тым больш, што наверсе часта змяняліся як міліцэйскія, так і раённыя кіраўнікі.

    Калі летам 2012 года ў Беларусі ўтварылі Следчы камітэт, неяк даволі хутка з яго Слонімскім райаддзелам у нашай газеты наладзіліся працоўныя адносіны па ранейшай схеме. Раз на тыдзень у вызначаны час нашы журналісты прыязджалі туды і запісвалі здарэнні, якія звычайна агучваў сам начальнік райаддзела Яўген Ерашэнкаў, альбо хтосьці з яго намеснікаў. Газета таксама атрымлівала афіцыйныя каментары ад прадстаўнікоў Следчага камітэта па нейкай гучнай  справе. Так было да траўня гэтага года. Апошні каментарый для “ГС” начальнік Слонімскага райаддзела Следчага камітэта Яўген Ерашэнкаў даў пасля двайнога забойства ў горадзе Леаніда і Тамары Богдан.

    А потым на сайце gs.by мы змясцілі артыкул “Главный следователь страны построит дом в «Дроздах‑2», хотя уже получил льготный коттедж в Пинске”.

    Цяпер можна паспрачацца, ці падыскутаваць: ці патрэбна было рабіць нам перадрук, які на момант, калі пішуцца гэтыя радкі, набраў 495 праглядаў?

    Але я не зусім цяпер пра гэта, а пра тое хутчэй, што нам цяпер чакаць, каб райаддзел Следчага камітэта зноў пачаў даваць газеце інфармацыю пра разбоі ды колькі ў каго курэй, равароў, кашалькоў, пярсцёнкаў, рублёў і г. д. укралі за тыдзень?

    Падаецца, як і гадоў 10 таму, выбар тут невялікі: альбо галоўны следчы краіны падабрэе, дасць адмашку даваць інфармацыю “Газеце Слонімскай”, альбо яго месца зойме іншы кіраўнік з тым жа для нас вынікам.

    А тым часам журналісты газеты працуюць з іншымі крыніцамі інфармацыі, бо тэмы крыміналу заўсёды карыстаюцца попытам у чытачоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці