Польскія журналісты заклікалі сейм і сенат расказваць пра Анджэя Пачобута на міжнародным узроўні
Рада польскіх медыяў звярнулася да ўладаў краіны з заклікам зрабіць усё магчымае для вызвалення Анджэя Пачобута і іншых супрацоўнікаў польскіх СМІ, якія апынуліся за кратамі ў Беларусі.
Журналісты ў звароце да спікераў сейму і сенату прапанавалі «прыняць меры ва ўсіх магчымых сферах». У тым ліку звярнуцца ў міжнародныя арганізацыі і да прадстаўнікоў Еўразвязу, каб вызваліць Анджэя Пачобута і іншых журналістаў польскіх медыяў, піша Gazeta Wyborcza
«Няма свабоды без свабодных медыяў. Няма свабоднай Беларусі без журналістаў, якія працуюць, не баючыся за сваё жыццё і здароўе», — адзначаюць рэдактары ў дакуменце.
Польскія калегі падкрэсліваюць, што яны салідарная з усімі беларускімі журналістамі:
«Рада польскіх медыяў выказвае захапленне і павагу ўсім журналістам, якія працуюць у Беларусі ў надзвычай цяжкіх умовах рэпрэсіўнай дзяржавы».
Рада польскіх медыяў — арганізацыя, якая аб’ядноўвае рэдактараў больш чым 20 рэдакцый польскай прэсы, інтэрнэту, радыё і тэлебачання. Сярод іх Gazeta Wyborcza, Rzeczpospolita, Gazeta.pl, OKO.press, Onet.pl, Radio RMF FM, TVN 24 і іншыя вядомыя ў краіне СМІ. Рада была створана ў кастрычніку 2023 года з мэтай абароны свабоды слова і журналісцкай прафесіі.
Анджэй Пачобут — актывіст польскай меншасці ў Беларусі, журналіст, карэспандэнт «Wyborczej». Знаходзіцца ў беларускай турме больш за 2,5 гады. У лютым 2023 года суд у Гродне прысудзіў яму 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Зараз Пачобут адбывае пакаранне ў Наваполацку.
У кастрычніку Саюз палякаў Беларусі, які штомесяц ладзіць пікеты салідарнасці за вызваленне асуджанага, паведаміў, што Анджэй Пачобут дагэтуль не мае доступу да лекаў для сэрца.
Чытайце яшчэ:
«Вінаградава ў ШІЗА не зламалі». Вольскі запусціў хвалю салідарнасці з Паўлам Вінаградавым
Вярхоўны суд вызваліў Таццяну Пыцько з‑за кратаў, а відэааператару Вячаславу Лазараву зменшыў тэрмін пакарання
Кніга аўтара «Новага часу» Міколы Дзядка пра турму выйшла па-польску