Партрэты палітзняволеных журналістаў з’явіліся ў Львоўскім музеі
У Львоўскім музеі гісторыі Украіны адкрылі выставу "Колеры беларускай рэвалюцыі", якая складаецца з партрэтаў палітвязняў Беларусі. Арганізатарам выступіў Free Belarus Center. Сярод фотаздымкаў ёсць выявы журналістаў Кацярыны Андрэевай, Андрэя Аляксандрава, Дзяніса Івашына.
«9 жніўня 2020 года стаў днём, які змяніў жыццё многіх беларусаў і беларусак, стаў кропкай невяртання для сотняў тысяч людзей. На фотавыставе «Колеры беларускай рэвалюцыі» мы раскажам пра тое, што адбывалася на маршах свабоды 2020 у Беларусі і пакажам тых палітвязняў, чые лёсы цесна звязаныя з Украінай. Згадаем тых, хто заплаціў за сваё імкненне да свабоды і барацьбу за яе найвышэйшую цану», — адзначаюць арганізатары.
У беларускім Цэнтры акцэнтуюць, што за кратамі ў Беларусі знаходзяцца таксама і вязні грамадзяне Украіны. І сядзяць яны толькі таму, што падтрымалі ў 2020 годзе пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і лукашэнкаўскай Беларусі.
«Сядзяць за кратамі актывісты і журналісты, якія працавалі з тэмай Украіны і любілі Украіну, сядзяць людзі, якія выказаліся супраць поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пасля 24 лютага. Спіс зняволеных папаўняецца штодзень. Іх катуюць і прымушаюць прызнавацца ў непарушных злачынствах супраць антыўкраінскага рэжыму Лукашэнкі. Усе гэтыя людзі не павінны заставацца незаўважанымі і невядомымі. Пра іх важна памятаць і казаць», — адзначаюць арганізатары выставы.
Наведнікі выставы маюць магчымасць напісаць ліст у турму і выказаць свае словы падтрымкі, паколькі для палітвязняў вельмі важна ведаць, што іх не забылі і што іх вызвалення чакаюць не толькі іх блізкія.
Выстаўка «Колеры беларускай рэвалюцыі» працягнецца да 14 жніўня.
Чытайце яшчэ:
Фотограф Евгений Отцецкий презентовал мультимедийный проект про Площадь перемен
Падтрымай палітзняволеных жанчын стыкерпакам і вестачкай салідарнасці
«Шнары пратэсту». Фотагісторыя пацярпелых на пратэстах у жніўні 2020-га