Памёр тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў. Яму было 39 гадоў
Пра смерць беларускага аўтара і культурнага дзеяча Аляксея Стрэльнікава паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.
«Трагічная навіна. Лёшы больш няма з намі. Няшчасны выпадак здарыўся сёння. Ведаю гэтага добрага і светлага чалавека больш за 20 год, ён хросны майго сына. Разумею, якая гэта вялікая страта для яго сям’і, бацькоў, жонкі Алены і сына Льва…», — напісаў Сяргей.
Аляксей Стрэльнікаў нарадзіўся ў Новасібірску, але «ўсё свядомае жыццё пражыў у Беларусі». Закончыў журфак БДУ, тэатразнаўчую аспірантуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Кандыдат мастацтвазнаўства.
Як апісваў Аляксей сваю дзейнасць на ніве тэатральнай крытыкі, «пісаў пра тэатр прыктычна паўсюль, дзе можна ў Беларусі і трошкі ў Расіі».
Пісаў для часопісаў «Мастацтва», «Петербургский театральный журнал», газеты «Культура», быў вялучым праграмы «Рэмарка» на «Белсаце» і г.д.
Выступаў як арганізатар, рэжысёр, лектар. Працаваў у Цэнтры беларускай драматургіі, Цэнтры візуальных мастацтваў «Арт Карпарэйшн», Цэнтры эксперыментальнай рэжысуры. Неаднаразова быў запрошаны ў журы фестываляў драматургіі. Выкладаў у Акадэміі мастацтваў.
Пасля падзей 2020 года, калі крытыка звольнілі за актыўную пазіцыю (Аляксей Стрэльнікаў далучыўся да страйку), аспрэчваў з навучальнай установай сваё звальненне праз суд. Апошнім часам як рэжысёр і менеджэр ставіў монаспекталі, ладзіў закрытыя паказы ў Мінску. «Калі мяне затрымаюць, мне ёсць што паказаць сукамернікам у творчым плане», — жартаваў ён.
Сяргей Будкін аб’явіў збор для дапамогі сям’і крытыка. Звяртацца тут.
Аляксею Стрэльнікаву было 39 гадоў.
Чытайце яшчэ:
«Падпарадкавацца гэтаму страху — значыць, прайграць». Апошняе інтэрв’ю Аляксея Стрэльнікава
Памёр старшыня БХК Алег Гулак
Ігар Казмерчак: «Не ведаю, чым я так мог абразіць самага няшчаснага чалавека ў Беларусі»