Падпіска і продаж газет у кіёсках: можа, паспрабаваць зноў?
Юрыдычны кансультант газеты “Борисовские новости” Алег Мацкевіч напрыканцы сакавіка звярнуўся да прадпрыемстваў “Белпошта” і “Мінаблсаюздрук” з пытаннем пра аднаўленне супрацоўніцтва з выданнем у другім паўгоддзі 2016 г.
Адметна, што “Мінаблсаюздрук” у адказ даслаў не адпіску, а спіс дакументаў, неабходных для разгляду прапановы. У прыватнасці, запыталі копію пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі, выпіску са Статута, узор выдання і.г.д. Пад лістом стаіць подпіс начальніка гандлёвага аддзела Г.Сайковай.
“Ці варта чакаць укладання дамовы? Ці гэта праява адлігі ў дачыненнях дзяржавы і незалежных СМІ, ці проста выпадковая недарэчнасць, узніклая ў нетрах папяровай бюракратыі?», – задаецца пытаннем юрыст.
«Борисовские новости» – грамадска-палітычны штотыднёвік, які зараз выходзіць накладам у 6 тысяч асобнікаў. У 1998–1999 г.г. газета мела наклад 12 тысяч. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст “Белпошта” выключыла з падпіснога каталога на 2006 года 16 незалежных выданняў. Тады ж 19 газет страцілі магчымасць прадавацца ў кіёсках “Саюздруку”. Зыскі рэдакцый і чытачоў газет, што былі выкінутыя з падпісных каталогаў, суды адмовіліся разглядаць.
1 чэрвеня 2013 года на рэгіянальную газету «Борисовские новости» зноў з’явілася магчымасць падпісацца ў аддзяленнях «Белпошты» Мінскай вобласці. Галоўны рэдактар выдання Анатоль Букас дзякаваў за гэта Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыі», якая неаднаразова звярталася да паштовага кіраўніцтва з адпаведнай просьбай. Аднак пратрымалася выданне ў каталогах менш за 5 месяцаў – у кастрычніку таго ж года кіраўніцтва “Белпошты” заявіла, што рэдакцыя спазнілася з чарговай заяўкай.
Да сёння праблема з распаўсюдам праз сеткі “Белпошты” і (альбо) “Саюздруку” застаецца актуальнай для больш як 10‑і грамадска-палітычных недзяржаўных выданняў.
Дзесяць год без права распаўсюду (Копіі дакументаў, табліца)