• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзесяць год без права распаўсюду (Копіі дакументаў, табліца)

    Амаль 10 гадоў таму, напярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, шэраг незалежных грамадска-палітычных газет выкінулі з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду.

    Тады РУП “Белпошта” адмовілася ўключаць выданні ў падпісныя каталогі, а прадпрыемствы “Саюздруку” – прадаваць іх праз газетныя кіёскі. Скасаванні дамоў з рэдакцыямі незалежных газет матывавалі, як правіла, эканамічнай немэтазгоднасцю.

    Для большасці з амаль 20 такіх перыядычных выданняў спробы адстаяць права на гаспадарчую дзейнасць нароўні з дзяржаўнымі газетамі аказаліся безвыніковымі. На шматлікія звароты і скаргі рэдакцый газет, іх чытачоў ды праваабаронцаў у разнастайныя дзяржаўныя ўстановы прыходзілі адпіскі, а ў кіёскі і валізы паштальёнаў гэтыя газеты так і не вярнулі. Толькі на хвалі пацяплення адносінаў з ЕС у 2008 годзе “Белпошта” і прадпрыемствы “Саюздруку” ўзнавілі супрацоўніцтва з “Народнай воляй” і “Нашай Нівай”.

    З эканамічных прычын, абумоўленых спыненнем супрацоўніцтва з «Белпоштай» і «Саюздрукам», за гэты час перасталі выходзіць друкаваныя выданні «Салідарнасць», «БДГ. Деловая газета», «Биржа информации» (Гродна), «Ляхавіцкі час», «Местная газета» (Ваўкавыск), «Химик» (Наваполацк), «Мясцовы час» (Пінск), «Газета для вас» (Івацэвічы), «Бобруйский курьер»

    «Товарищ» выходзіць вельмі нерэгулярна і ні ў якія сістэмы распаўсюду ўжо даўно не звяртаецца. Са жніўня 2014 года спыніла існаванне рэгіянальная газета «Нясвіжскі час» – таксама з эканамічных прычын, у тым ліку звязаных з распаўсюдам.

    Вось некалькі новых адказаў, якія атрымалі недзяржаўныя газеты сёлета ад прадпрыемстваў-манапалістаў:

    Зарэгістраваныя ў Беларусі недзяржаўныя выданні грамадска-палітычнай тэматыкі, у якіх на сёння ёсць праблемы з распаўсюдам праз прадпрыемствы «Белпошты» і/альбо «Саюздруку»:

    НАЗВА ВЫДАННЯ

    Распаўсюд праз падпіску РУП  «Белпошта» і кіёскі  гандлёвай сеткі прадпрыемстваў сістэмы  «Саюздруку»/ Звароты пра ўзнаўленне распаўсюду

    Спосабы распаўсюду

    Наклад нумару выдання

     (на пачатак мая 2015 г.)

    «Борисовские новости»

    Няма ў  кіёсках “Саюздруку” з 2006 г. У той жа час з газету адмовілася распаўсюджваць “Белпошта”. У чэрвені 2013 г. выданне вярнулі ў падпісны каталог, дзе яно пратрымалася толькі 5 месяцаў.

    Распаўсюджваецца праз прыватную гандлёвую сетку (у крамах, на рынках), пры дапамозе грамадскіх распаўсюднікаў. Па раёне падпісчыкам газету дасылаюць па пошце ў канвертах.

    Па словах галоўнага рэдактара А. Букаса, за апошні год у Барысаве адкрылася 8 буйных гандлёвых аб’ектаў, але “БН” на рэалізацыю яны адмаўляюцца браць, просяць спачатку паказаць дазвольны ліст з гарвыканкама.

    5 000  асобнікаў

    «Вольнае Глыбокае»

    У падпісным каталогу няма: звярталіся ў 2013 г. з просьбай уключыць у падпісны каталог на 2‑е паўгоддзе 2013 года. У адказе, які прыйшоў з галоўнага офісу РУП “Белпошта”, традыцыйна спаслаліся на “немэтазгоднасць” супрацоўніцтва. Пасля гэтага больш не звярталіся.

    Прадаецца ў газетных кіёсках горада, але бяруць на рэалізацыю не больш за 40 асобнікаў.

    Распаўсюджваецца таксама праз рэдакцыйную падпіску, продаж праз прыватныя крамы, на рынках.

    2 000 асобнікаў

    «Газета Слонімская»

    Няма ў падпісным каталогу і газетных кіёсках з 2006 г.

    28.04.2015 г. кіраўніцтва “Белпошты” зноў адмовілася ўключыць газету ў падпісны каталог, бо лічыць гэта “немэтазгодным”. Адмову рэдакцыя атрымала і ад прадпрыемства “Саюздруку”.

    Распаўсюд праз падпіску ў рэдакцыі і на выездзе, а таксама праз уласную сетку распаўсюднікаў.

    4 500 асобнікаў

    «Ганцавіцкі час»

    Газета ўключаная ў падпісны каталог толькі па Ганцавіцкім раёне, з лютага 2010 г. вернутая ў продаж праз кіёскі “Брэстаблсаюздруку” ў Ганцавічах.

    Ёсць уласная сетка распраўсюду, праз яе разыходзіцца каля 70% накладу.

    3 900 асобнікаў

    Intex-press (Баранавічы)

    Няма ў падпісным каталогу  і газетных кіёсках з 2006 г.

    Рэдакцыя рэгулярна звяртаецца і да “Белпошты”, і да “Саюздруку”, але атрымлівае адмовы ў распасюдзе. У “Брэстаблсаюздрук” апошні раз звярталіся ўвосень 2014 г., чарговую ад мову ад “Белпошты” атрымалі 12 мая 2015 г.

    Распаўсюджваецца праз рэдакцыйную падпіску, уласную сетку распаўсюду, гандлёвыя прадпрыемствы.

    13 460 асобнікаў

    “Новы час”

    Няма ў падпісным каталогу і газетных кіёсках з 2006 г.

    З 2012 г. рэдакцыя больш не звярталася да “Белпошты” і “Саюздруку” з прапановамі ўзнавіць распаўсюд, паколькі лічыць гэта бессэнсоўным.

    Газета распаўсюджваецца ўласнымі намаганнямі: праз падпіску ў рэдакцыі, а таксама пры дапамозе грамадскіх распаўсюднікаў.

    7 000 асобнікаў

    «СНплюс. Свободные новости плюс»

    У падпісным каталогу дагэтуль няма. У газетных кіёсках прадаецца.

    У красавіку 2015 г. “Белпошта” ў чарговы раз адмовілася ўключыць газету ў падпісны каталог, патлумачыўшы гэта “немэтазгоднасцю”.

    Распаўсюджваюцца толькі праз гандлёвую сетку прадпрыемстваў “Саюздруку”.

    29 500 асобнікаў

    “Рэгіянальная газета” (Маладзечна)

    Выданне ёсць у продажы ў кіёсках “Саюздруку”, у падпісцы — толькі па Мінскай вобласці.

    Рэдакцыя неаднаразова спрабавала дамагчыся ўключэння ў рэспубліканскі падпісны каталог, але кожны раз “Белпошта” адмаўляла, апошнюю такую адмову атрымалі ў другой палове 2014 г.

    Распаўсюджваецца таксама праз гандлёвыя кропкі рэгіёна.

    6 000 асобнікаў

    Часопіс “ARCHE. Пачатак”

     

    Уключаны ў падпісны каталог «Белпошты».

    Няма ў продажы ў газетных кіёсках. У 2014 г. рэдакцыя часопіса звярнулася ў чарговы раз у “Саюздрук” з прапановай распаўсюджваць выданне ў раздроб, але атрымала адмову з матывіроўкай, што гэта немэтазгодна.

    Таксама без тлумачэння прычын прадаваць часопіс адмаўляецца “Белкніга”.

    Грамадскія распаўсюднікі, прэзентацыі, уласная інтэрнэт-крама.

    1 000 асобнікаў

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці