Падарунак «НН» да Дня роднай мовы: ад сёння вы можаце чытаць яе лацінкай
"Ад сёння кожны з вас зможа выбіраць, чытаць «Нашу Ніву» кірыліцай ці лацініцай. Так было да 1912 года, так будзе пасля 2023-га", - паведамляе "Наша Ніва".
Як чорт крыжа, так чарнасоценцы баяцца беларускай культуры і асабліва беларускай лацінкі. На сёння тэма пераходу на лацінку несвоечасовая: не тое галоўнае. Але беларусам важна захаваць і гэтую частку нашай традыцыі і перадаць яе наступным пакаленням. Вось чаму стварылі версію «Нашай Нівы» лацінкай: ад сёння кожны з вас зможа выбіраць, чытаць «Нашу Ніву» кірыліцай ці лацініцай.
Так было да 1912 года, пасля з фінансавых і практычных меркаванняў перайшлі на адзіны, кірылічны варыянт. Але сённяшнія інтэрнэт-тэхналогіі дазваляюць лёгка і танна зрабіць адваротнае.
Кнопка пераключэння на лацінку знаходзіцца каля блока з апытаннямі, і ў дэсктопавай, і ў мабільнай версіяй.
Лацінка разам з кірыліцай і арабіцай — традыцыйныя беларускія правапісы. Беларусы актыўна выкарыстоўвалі лацінку з XVII стагоддзя. Ёю пісалі Янка Купала, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч.
На ёй выдавалася «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага, а таксама нейкі час «Наша Доля» і «Наша Ніва». За чатыры стагоддзі свайго існавання яна мела некалькі варыянтаў. Апошні з іх, афіцыйны, ужываўся на гарадскіх паказальніках ды схемах мінскага метро. Гэты варыянт лацінкі быў прыняты ў 2009 годзе беларускай Акадэміяй навук ды зацверджаны ААН.
Лацінка «Нашай Нівы» арыентуецца на класічны яе варыянт, які выкарыстоўваўся ў XX стагоддзі. Тэксты пераводзяцца на лацінку з дапамогай алгарытму аўтаматычнага пераводу, распрацаванага на аснове корпуса сучаснай беларускай мовы. Вялізная падзяка беларусам-праграмістам.
Праблемнае месца — перадача ўласных імён. На правільнай беларускай лацінцы яны маюць заставацца нязменнымі, як у мове-арыгінале: Shakespeare, Zelensky, Biden. Але аўтаматычны лацінізатар перадае іх у адпаведнасці з іх гучаннем: Šekśpir. Zialenski, Bajden. Але, спадзяваюся, вы нам даруеце гэтую непазбежнасць: мы не ў сілах самі зрабіць вялізную базу імён, гэтая задача пад сілу толькі вялікай інстытуцыі, функцыянальны лацінізатар у свабоднай Беларусі будзе адной з задач Акадэміі навук.
Калі вы праграміст, ці мовазнавец, ці проста энтузіяст, і хочаце ўдзельнічаць ва ўдасканаленні лацінізатара «НН», пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ, на nivanasha@gmail.com ці nivanasha@proton.me.
І — чытайце. Чытайце кірыліцай, чытайце лацінкай, чытайце па-руску. Будзем удзячныя за данаты праз «Патрэон» на працу «Нашай Нівы».
Цяпер на сайце публікуюцца каля 2100 артыкулаў за месяц, каллегі працуюць таксама ў тэлеграме, інстаграме і вырабляюць усё больш кантэнту ў сацсетках. Якаснае і аператыўнае выданне на беларускай мове — гэта тое, што каллегі робяць, каб на роднай мове чыталі, пісалі (пішыце рэдактару, пакідайце каменты). І пераказвайце, што піша «Наша Ніва», тым, хто сёння не можа яе чытаць.
Чытайце яшчэ:
БАЖ запускае апытанне аўдыторыі
“Беларуская мова жывая!” Запыталіся ў штучнага інтэлекту, якая яе сучасная роля і што будзе далей
Беларуская мова ў маркетынгу і рэкламе: сімвалічная каштоўнасць ці крыніца прыбытку?
Родная мова на польскіх хвалях. Гутарка з галоўнай рэдактаркай беларускай службы польскага радыё Ўнэт