Пад Херсонам забілі ўкраінскага журналіста, італьянскі журналіст паранены
У Херсоне загінуў украінскі журналіст Багдан Біцік, які дапамагаў карэспандэнту італьянскай газеты La Repubblica Карада Зуніна асвятляць вайну ва Украіне. Ён загінуў ад агню снайпера на ўскраіне горада, Зуніна быў паранены ў плячо.
Абодва журналісты трапілі ў засаду непадалёк ад Антонаўскага моста. Эвакуяваць цела забітага пакуль немагчыма з‑за снайперскага агню.
«Мы праехалі тры блокпасты, Багдан пагаварыў з украінскімі вайскоўцамі, і яны без праблем нас прапусцілі. Гэта не была зона баявых дзеянняў. Потым нас падбілі, я пачуў шыпенне і ўбачыў Багдана на зямлі, ён не рухаўся. Я выпаўз з лініі агню. Бег, пакуль міма мяне не праехала цывільная машына. Я быў увесь у крыві, і мяне прыйшлося везці ў херсонскую бальніцу. У мяне чатыры раненні, але мне аказалі выдатную дапамогу. Я некалькі разоў спрабаваў датэлефанавацца да Багдана, але ён не адказваў. Ён быў маім сябрам. Мне вельмі горка», — расказаў Зуніна сваёй газеце па тэлефоне.
Абодва журналісты былі апранутыя ў бронекамізэлькі з надпісам «Прэса».
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў італьянскім СМІ, што адказнасць за забойства нясуць расіяне.
«Рускім усё роўна, рускі ты, італьянец ці ўкраінец, яны проста страляюць», — сказаў ён.
Паводле інфармацыі Міжнароднай федэрацыі журналістаў, з пачатку расійскага ўварвання ва Украіне загінулі па меншай меры 12 журналістаў і работнікаў СМІ, 18 атрымалі раненні. Большасць з іх былі ўкраінцамі.