• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пачалі судзіць дырэктара выдання «Белорусы и рынок»: інкрымінуюць чатыры «палітычныя» артыкулы

    Мінскі гарадскі суд распачаў 24 сакавіка працэс у адносінах да дырэктара найстарэйшай эканамічнай газеты краіны «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых. Яго абвінавачваюць у «абразе»  Лукашэнкі і шэрагу іншых дыфамацыйных артыкулах.  

    Паводле афіцыйнай інфармацыі Канстанціну Залатых інкрымінуюцца адразу чатыры крымінальныя артыкулы, якія звыкла фігуруюць у справах за іншадумства:  

    арт. 426 ч. 2 — «перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў»; 

    арт. 368 ч. 1 — «абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»; 

    арт. 369 — «абраза прадстаўніка ўлады»;

    арт. 130 ч. 2 — «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці».  

    Медыяменеджар за кратамі ўжо 10 месяцаў і пра бальшыню «крымінальных эпізодаў» даведаўся ў следчым ізалятары. Прынамсі затрымлівалі яго толькі за «распальванне варожасці», астатняе ўсплыло ў працэсе следства. Так ці інакш, з улікам агучаных артыкулаў сукупна фігуранту пагражае значны тэрмін зняволення.  

    Першае пасяджэнне пачнецца 24 сакавіка, на працэс прызначана суддзя Мінскага гарадскога суда Алена Шылько.

    Да заканчэння разгляду справы Канстанцін Залатых будзе заставацца ў сталічным СІЗА №1.    

    Супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі затрымалі дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно 18 мая 2022 года. 

    Пасля допыту Андрэя Александровіча і Юлію Кахно адпусцілі, а Канстанцін Залатых толькі праз некалькі дзён знайшоўся ў следчым ізалятары Жодзіна. Мяркуючы па змесце пратакола, тады прычынай значылася «распальванне варожасці» ва ўсіх яе шырокіх сэнсах (арт. 130 Крымінальнага кодэкса).  

    У пачатку чэрвеня праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным зняволеным і запатрабавала спыніць нічым не матываваны пераслед.   

    Пры канцы лета фігуранта перавялі з Жодзіна ў СІЗА №1 Мінска, там ён утрымліваецца дагэтуль.  

    Канстанцін Залатых — дасведчаны медыйны менеджар і вытворчы адміністратар, супрацоўнічаў з вядучымі незалежнымі СМІ і буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, неаднаразова быў у складзе дэлегацый, якія прасоўвалі беларускую прадукцыю на знешні рынак.  

    Апошнім месцам працы была газета «Белорусы и рынок» — адно з рэдкіх незалежных выданняў, якое здолела захавацца пасля хвалі масавых рэпрэсій супраць недзяржаўных рэдакцый. 

    Аднак 23 ліпеня 2022 года, ужо пасля затрымання Канстанціна Залатых,  доступ да сайта газеты ў Беларусі быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі «з прычыны распаўсюду гіперспасылак на матэрыялы, прызнаныя судом экстрэмісцкімі». 

    А на пачатку снежня, пасля 32 гадоў дзейнасці, рэдактарат абвясціў, што праз складаныя фінансавыя і палітычныя ўмовы прыпыняе выхад як друкаванай, так і электроннай pdf-версіі. Прынамсі, выдання не аказалася ў падпісным каталогу «Белпошты» на першую палову 2023 года. 

    Пры гэтым літаральна следам Міністэрства інфармацыі нечакана адмяніла ранейшае рашэнне і выдала распараджэнне аб аднаўленні доступу да інтэрнэт-старонкі выдання belmarket.by. Ад пачатку гэтага года інфармацыйны кантэнт бізнес-партала рэгулярна абнаўляецца.  

    Паводле блізкіх Канстанціна Залатых, ліставанне з ім абмежаванае і нерэгулярнае, але з рэдкіх допісаў яны робяць выснову, што ён захоўвае зайздросную вытрымку і не страціў уласцівага яму пачуцця гумару.    

    Чытайце яшчэ:

    Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды слова і іншыя еўрапейскія палытыкі выказаліся ў падтрымку беларускіх журналістаў-палітвязняў

    Назіральная рада журфака на поўным сур’ёзе заяўляе пра пераход на падрыхтоўку «байцоў інфармацыйнага фронту»

    Ігар Палынскі «суду» ў Беларусі: Дзякуй! За прызнанне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці