«Нясплата падаткаў», «распальванне варожасці», «шкода нацбяспецы». За што будуць судзіць супрацоўнікаў знішчанага партала Tut.by
Першае судовае пасяджэнне па крымінальнай справе ў адносінах да некаторых работнікаў ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫА" запланавана на 9 студзеня, паведамілі ў прэс-службе Мінскага гарадскога суда.
Як удакладнілі ў судовай інстанцыі, працэс будзе адбывацца ў закрытым рэжыме, паколькі будуць агучвацца звесткі “не для шырокага распаўсюду”. У якасці фігурантаў праходзяць пяць абвінавачаных.
Генеральная дырэктарка Tut.by Людміла Чэкіна абвінавачваецца ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў, учыненні злачынстваў на распальванне сацыяльнай варожасці, распаўсюдзе матэрыялаў, якія змяшчаюць публічныя заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.
Галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай інкрымінуецца ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць публічныя заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, а таксама распальванне сацыяльнай варожасці.
Галоўную рэдактарку палітыка-эканамічнага блока навін Вольгу Лойку і рэдактарку Алену Талкачову абвінавачваюць у дапамозе ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры, наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі.
Юрыдычная кансультантка Кацярына Ткачэнка паўстане перад судом за дапамогу ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў у асабліва буйным памеры і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
За кратамі на гэты момант вось ужо больш за паўтара года застаюцца Людміла Чэкіна і Марына Золатава, іншыя фігуранткі вызваленыя пад абмежавальныя падпіскі і неразгалошванне таямніцы следства. Усе абвінавачаныя прызнаныя праваабаронцамі палітычнымі вязнямі.
Як вынікае з матэрыялаў справы, на якія спасылаецца Мінскі гарадскі суд, для атрымання падатковых прэферэнцый як рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій у 2019 годзе была задзейнічана схема на «драбненне бізнеса», у прыватнасці, створана кампанія «Паблішэр бокс». Каб атрымліваць выручку, на яго фармальна «перавялі» функцыі пасярэдніцкіх паслуг, звязаных з распрацоўкай, вырабам і размяшчэннем рэкламных матэрыялаў на інтэрнет-рэсурсах удзельнікаў дагаворных адносін.
Раней у Генпракуратуры адзначалі, што такая дзейнасць несумяшчальная з членствам у ПВТ, таму падстаў для падатковых паслабленняў не было. У выніку цягам 2019–2021 гадоў у бюджэт недаплачаны падаткі на агульную суму больш як 3 мільёны рублёў.
Таксама даводзіцца, што Людміла Чэкіна разам з Марынай Золатавай, Вольгай Лойка і Аленай Талкачовай мелі непасрэднае дачыненне да апублікавання ў 2020–2021 гадах на рэсурсе Tut.by і звязаных з ім акаўнтах у сацсетках інфармацыйных матэрыялаў, якія змяшчалі “загадзя пазітыўную ацэнку дзеянняў апанентаў улады і свядома негатыўнае адлюстраванне рашэнняў службовых асоб, якія выступалі за захаванне дзейнага канстытуцыйнага ладу, прыхаваную каардынацыю пратэстнай актыўнасці ў грамадстве, звесткі, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне і прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі».
Акрамя таго, як акцэнтуе следства, Кацярына Ткачэнка ў верасні 2020 года ўдзельнічала ў Мінску ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Генпракуратура, у сваю чаргу, сцьвярджае, што іншыя дзевяць фігурантаў, якім інкрымінавана дапамога ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, цалкам прызналі віну, кампенсавалі прычынены ўрон і заявілі хадайніцтвы на адрас Аляксандра Лукашэнкі аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці паводле падставаў, прадугледжаных арт. 88–1 Крымінальнага кодэкса.
Нагадаем, што ў рэдакцыю Tut.by сілавікі заявіліся з ператрусам 18 мая 2021 года. Тады за кратамі апынуліся паўтара дзясятка супрацоўнікаў, уключна з Юліяй Чарняўскай, жонкай памерлага заснавальніка партала Юрыя Зісера. На ўсіх завялі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 243 КК («ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры»). Дзейнасць папулярнага парталу была фактычна паралізавана, сайт Tut.by рашэннем Міністэрства інфармацыі заблакаваны.
Паступова тутбаеўцаў вызвалялі з жорсткай умовай не распаўсюджваць звесткі пра ход следства, пакуль у зняволенні не засталіся толькі Людміла Чэкіна і Марына Золатава. За гэты час яны, а таксама Вольга Лойка і Алена Талкачова трапілі ў спіс Камітэта дзяржбяспекі як асобы, “датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці”.
Чытайце яшчэ:
У ААН адрэагавалі на раненне японскага фотакарэспандэнта ў Кіеве
Рэдактары незалежных медыя: “Хочацца пажадаць калегам назапашваць сілы і рэсурсы, каб мы былі гатовыя да новых выклікаў”
Перад Новым годам Ксенія Луцкіна сустрэлася ў СІЗА з сынам