Новая хваля пераследу фрылансераў: на журналістку Ларысу Шчыракову склалі адміністрацыйны пратакол
Беларускія ўлады распачалі новую хвалю ціску на незалежных журналістаў, які прыпыніўся летась пасля абяцання кіраўніка дзяржавы разабрацца ў сітуацыі.
Як стала вядома 4 студзеня, на незалежную журналістку з Гомеля Ларысу Шчыракову склалі адміністрацыйны пратакол за нібыта парушэнне арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
Як вынікае з дакумента, які журналістка атрымала поштай, пратакол склаў 24 снежня капітан Гомельскага РАУС Цітоў Р. В. (без прысутнасці журналісткі).
Сюжэт, у вырабе якога абвінавачваюць журналістку, быў прысвечаны праблемам былога гадаванца школы-інтэрната з пасёлка Урыцкі і выйшаў у эфіры тэлеканала “Белсат”. Гэта ўжо шосты па ліку пратакол на незалежную журналістку за працу без акрэдытацыі на замежны СМІ. Агулам у 2015 годзе па артыкуле 22.9 КаАП незалежных журналістаў у Беларусі штрафавалі 28 разоў.
Сітуацыя змянілася да лепшага пасля 4 жніўня. Падчас інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам набалелае для журналістаў пытанне задаў журналіст “Радыё Свабода” Валер Каліноўскі. У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што не лічыць забароны для журналістаў сваім прынцыпам, і паабяцаў разабрацца ў сітуацыі.
Пасля гэтага адміністрацыйныя справы супраць незалежных журналістаў не заводзілі на працягу чатырох месяцаў.
Між тым, літаральна ў апошнія дні 2015 года гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага зноў выклікалі ў міліцыю для складання адміністрацыйнага пратакола па арт. 22.9 КаАП.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” заклапочана новай хваляй пераследу незалежных журналістаў і бліжэйшым часам мае намер зрабіць захады ў абарону сваіх сябраў.