Наступную прэмію імя Францішка Аляхновіча ўручаць у 2023‑м. Сёлета ўручэньня ня будзе
Сёньня, 15 лістапада, у сьвеце адзначаецца Дзень зьняволенага пісьменьніка і звычайна абвяшчаюцца ляўрэаты прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні.
Сёлета заснавальнікі прэміі, Радыё Свабода і Беларускі ПЭН, пераносяць цырымонію ўзнагароды на 2023 год.
Няспынныя рэпрэсіі, арышты аўтараў і выдаўцоў цягам мінулага году зрабілі амаль немагчымым публічнае зьяўленьне твораў, напісанывх у зьняволеньні. Цяпер за кратамі 11 ляўрэатаў прэміі: Ігар Аліневіч, Аляксандар Фядута, Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, Алесь Бяляцкі, Мікола Дзядок, Алесь Пушкін, Андрэй Аляксандраў, Максім Знак, Мікола Папека, Андрэй Скурко.
Беларускі ПЭН адсочвае і фіксуе храналёгію Людзей Слова — літаратараў, перакладнікаў і дасьледнікаў літаратуры, публіцыстаў, інтэлектуалаў, а таксама тых, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў, — якія цяпер за кратамі.
Зь лістоў з турмаў і калёніяў, са зьвестак ад родных і сяброў дакладна вядома, што рэпрэсіі не спынілі творчую актыўнасьць. Беларускі ПЭН і Радыё Свабода выказваюць упэўненасьць, што творы абавязкова дойдуць да чытачоў, а іх аўтары атрымаюць вядомасьць і прызнаньне.
Прысуджэньне прэміі імя Францішка Аляхновіча пераносіцца на Дзень зьняволенага пісьменьніка налета. На разгляд будуць прымацца творы, апублікаваныя цалкам ці часткова ў пэрыяд зь лістапада 2021 па лістапад 2023 г.
Арганізатары просяць сваякоў, сяброў зьняволеных зьбіраць і захоўваць творчасьць з‑за кратаў, перадаць вязьням запросіны ўдзельнічаць у стварэньні літаратуры памяці і пажаданьні хуткай свабоды.
Даведацца больш пра прэмію імя Францішка Аляхновіча і яе ляўрэатаў можна на адпаведнай старонцы на сайце ПЭНу.
Чытаць яшчэ:
Журналіста Андрэя Пачобута пачнуць судзіць 28 лістапада
Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына не вызвалілі з карцара
Праваабаронцу Насту Лойку зноў арыштавалі на 15 сутак. Супраць яе ўжывалі катаванні