На загад міністра інфармацыі ў Беларусі заблакавалі сайт «Мой Брест»
У Беларусі заблакавалі доступ карыстальнікаў да рэгіянальнага інфармацыйнага інтэрнэт-выдання «Мой Брест». Адпаведны загад выдаў 9 студзеня міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў.
Падставай для блакавання сайта www.mybrest.by на тэрыторыі Беларусі стала нібыта выкрытыя Мінінфармам парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
У прыватнасці, паведамляецца пра наяўнасць гіперспасылкі на навіну, распаўсюд якой забаронены. Гаворка вядзецца пра спасылку на інтэрнэт-рэсурс belsat.eu, чыя інфармацыйная прадукцыя на падставе рашэння суда Чыгуначнага раёна Гомеля ад 27 ліпеня 2021 года прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Пры гэтым спасылка на публікацыю з сайта «Белсат» з’явілася на інтэрнэт-рэсурсе «Мой Брест» яшчэ ў 2017 годзе — за чатыры гады да таго, як кантэнт belsat.eu прызналі «экстрэмісцкім».
Інфармацыйны сайт «Мой Брест» быў створаны больш за дзесяць гадоў таму і распавядаў галоўным чынам пра навіны, падзеі і людзей, якія маюць дачыненне да Брэста і яго наваколля.
Чытайце яшчэ:
Хто тыя прапагандысты з тэлебачання, каму ўлады дзякуюць за інфармпалітыку?
Больш за 25 украінскіх журналістаў знаходзяцца ў расійскім палоне
Ва Украіне з’явілася «РокРадыёBY»