Ва Украіне з’явілася «РокРадыёBY»
На базе інтэрнэт-пляцоўкі ўкраінскага «РокРадіо» запрацаваў радыёстрым «РокРадыёBY», на якім можна паслухаць музыку беларускамоўных сучасных і культавых гуртоў. Як паведамляе espreso.tv, праект узнік пры падтрымцы Полка Каліноўскага.
Заснавальнікі новага беларускага радыё — ўкраінскі радыёпрадзюсар Алег Удавічэнка і кіраўнік няўрадавай Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.
— Вялікая колькасць прадстаўнікоў музычнай індустрыі была вымушаная пакінуць Беларусь, а вялікая колькасць твораў знаходзіцца пад забаронай. «РокРадыёBY» імкнецца стаць пляцоўкай для такіх беларускіх музыкаў у стылі рок, а таксама для тых дзеячаў, якія падтрымліваць сапраўдную беларускасць.Радыё заклікана стаць выспай беларускага і ўкраінскага року, а з часам і стартавай пляцоўкай для сумесных культурных праектаў, — распавялі espreso.tv стваральнікі «РокРадыёBY».
Праект запрацаваў не так даўно, але каманда ўжо выношвае планы па павелічэнні кантэнту: плануецца, што на платформе з’явяцца навінавыя блокі — у ты ліку з інфармацыяй пра сітуацыю на фронце, культурныя ініцыятывы, украінска-беларускія стасункі, арыгінальныя праграмы, інтэрв’ю з беларускімі апазыцыйнымі, культурнымі і палітычнымі дзеячамі, а таксама з прадстаўнікамі і вайскоўцамі палка імя Кастуся Каліноўскага, пры падтрымцы якога паўстала радыёстанцыя. Акрамя беларусаў у эфір запросяць і ўкраінцаў, якія падтрымліваюць ідэю вольнай Беларусі як дружалюбнай Украіне краіны.
— Улічваючы ўзровень цэнзуры і прапаганды ў афіцыйных беларускіх СМІ, такі варыянт дасць магчымасць беларусам атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра падзеі ва Украіне, — адзначаюць арганізатары.
Зараз «РокРадыёBY» можна слухаць і праз адмыслова распрацаваны пад гэты праект дадатак для смартфонаў.
Чытайце яшчэ:
140 ахвяраў. 2023-ці стаў самым смяротным для журналістаў за апошнія дзесяць гадоў
Прапагандыст з «Мінскай праўды» сцвярджае, што зноў збіраецца наведаць Еўрасаюз
«Прэсбол» пачыняе змяняць фармат: колькасць старонак газеты ад пачатку года скарацілася