На высокім узроўні. Бажаўскі «Марафон салідарнасці» падтрымалі Святлана Ціханоўская, палітыкі і дыпламаты Еўрасаюза
Вельмі знакавая і важная рэч адбылася падчас семінара па падтрымцы свабоды беларускіх СМІ, які праводзіцца па ініцыятыве пасольстваў Ірландыі, Фінляндыі і Нарвегіі ў Літве. Зняволеныя журналісты і іх блізкія атрымалі падтрымку на высокім узроўні — з боку лідаркі дэмсілаў, дыпламатаў і палітыкаў Еўрасаюза.
Святлана Ціханоўская, віцэ-міністр замежных спраў Літвы Ёнас Сурвіла, міністр па еўрапейскіх справах і абароне Ірландыі Пітэр Берк па традыцыі ўзялі ў рукі партрэты зняволеных прадстаўнікоў медыя. Таксама да закліку прыядналіся журналісты, праваабаронцы, дыпламаты.
Акцыя, якая была ініцыявана БАЖ, працягваецца больш за паўгады. Яе падтрымалі ў многіх краінах на розных кантынентах. Але гэта, бадай, самы высокі ўзровень. Рэжым атрымаў яшчэ адзін выразны сігнал: журналістаў можна схапіць, кінуць за краты, але пра іх не забыліся.
Нагадаем, што Святлана Ціханоўская прымае ўдзел у «Марафоне салідарнасці» у другі раз. Летам 2023 года падчас фестывалю абуджаных «Тутака» у Польшчы яна такім чынам падтрымала Андрэя Аляксандрава.
— Я далучаюся да Марафону салідарнасці з беларускімі журналістамі, бо падзяляю боль бацькоў, дзяцей і родных гэтых мужных людзей, — сказала тады лідарка дэмакратычных сілаў. — Яны — сапраўдныя прафесіяналы, за гэта і церпяць ад рэжыму, за гэта і пакутуюць зараз. Кожны дзень іх жыцця ў турме — гэта нерэалізаваныя планы, недаабдыманыя дзеці, выплаканыя вочы бацькоў і родных. Аб’ядноўваючы нашыя намаганні, мы набліжаем дзень волі для ўсіх палітзняволеных беларусаў. Трымаемся праўды! Трымаемся разам!
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці!
Вы можаце раздрукаваць ПАРТРЭТЫ зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media .
#СвабодуЖурналістам
#BecauseTheJournalist
Чытайце яшчэ:
«34. Гэта не лічбы, а нашы сябры і блізкія за кратамі». Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі працягваецца
«Заклікаем аднавіць свабоду прэсы». У Аўстраліі падтрымалі зняволеных беларускіх журналістаў
«Рэпарцёры без межаў» правялі акцыю салідарнасці з беларускімі зняволенымі журналістамі ў 12 краінах