• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На Мікалая Дзядка завялі новую адміністрацыйную справу за пост у Facebook

    Пра гэта актывіст анархісцкага руху і журналіст НЧ паведаміў на сваей старонцы.

    «Прыйшоў дадому і даведаўся, што Фрунзенскі РУУС ужо 2 тыдні шле мне лісты шчасця. 25 лістапада на мяне быў складзены пратакол па ч.2 артыкула 17.11 КаАП. Ізноў за «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі». Гэтым разам я прадэманстраваў сімволіку Mis­antrop­ic Divi­sion — чэрап з аўтаматамі. Смутна спрабуючы ўзгадаць, калі і дзе я гэта рабіў, я залез у ФБ і знайшоў.

    Карцінка за ліпень 2016 — ілюстрацыя да паста, у якім я крытыкую людзей за тое што яны стаяць побач з нацыстамі (!!!). Фоткі прыводжу ў абгрунтаванне сваіх словаў. Разумееце шарм сітуацыі?» — напісаў Мікалай на сваёй старонцы і прывёў спасылку на пост, які і выклікаў незадаволенасць міліцыянтаў. «Склалі пратакол за «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі» ў дачыненні да анархіста, за пост у Фэйсбуке, у якім анархіст наязджае на людзей за тое, што яны фоткаюцца разам з нацыстамі і іх сцягамі», — звяртае ўвагу Дзядок.

    Разважаючы пра тое, што магло справакаваць міліцыянтаў на складанне пратаколу, Мікола ўзгадвае свой удзел у флэшмобе #СтанемЗаЖурналістаў. Таксама гэта магло быць проста планавым мерапрыемствам супрацоўнікаў ГУБАЗіК.

    Паведамляецца, што справа была накіраваная ў суд. Аднак ці было паседжанне — невядома.

    У ліпені Мікалай Дзядок ужо быў затрыманы па абвінавачванню ў дэманстрацыі нацысцкай сімволікі — таксама ў Фэйсбуку. Тады АМАП затрымаў яго каля дома, а суддзя Ганна Буйноўская выпісала 10 базавых велічынь штрафу за карцінкі, якія высмейваюць нацызм.

    Вось як сам Мікалай Дзядок пракаментаваў чарговы пратакол:

    — Звяртае на сябе ўвагу, што на мяне мэтанакіравана складаюць пратаколы менавіта па артыкуле «Дэманстрацыя нацысцкай сімволікі». Гэта, безумоўна, сістэмная спроба дыскрэдытацыі. Бо на мяне, як на анархіста, можна скласці пры жаданні пратакол па мностве іншых артыкулаў, аднак выбіраецца менавіта гэты. Разлік тут просты: у грамадстве, дзякуй Богу, нацызм усе яшчэ лічыцца кепскім. А таму супрацоўнікі ГУБАЗіК лічаць што калі працягваць абвінавачваць мяне ў «дэманстрацыі нацысцкай сімволікі», то можна пераканаць кагосьці ў тым, што я прытрымліваюся нацысцкіх поглядаў. То бок яны лічаць  грамадзянскую супольнасць і СМІ, усіх акрамя сябе, дурнямі, якія няздольныя разабрацца, што да чаго.

    Ну і, канешне, відавочны мэтанакіраваны ціск. Каб я ніколі не мог разняволіцца. Відавочна, што не будзь гэтай карцінкі ў Face­book, прыдумалі б нешта іншае. Ёсць грамадзянская актыўнасць — ёсць рэакцыя. Няма актыўнасці — няма рэакцыі. А карцінкі тут справа дзясятая.

    Наступнае што буду рабіць — параюся з адвакатам перад тым, як ісці ў РУУС ці ў суд. Калі суд ужо адбыўся, буду, вядома, абскарджваць рашэнне. Бо тут прыкметы ўжо не толькі судовага бязмежжа але і мэтанакіраванага пераследу.

    Нагадаем, некалькі тыдняў таму жыхара Гародні Улада Сераду асудзілі па тым жа артыкуле (17.11 КаАП) за публікацыю карцінкі са свастыкай, якая выкідаецца ў сметніцу.
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці