На гродзенскую журналістку падалі заяву ў міліцыю героі яе публікацыі
«Прабралася на тэрыторыю, уцерлася ў давер, злоўжыла адкрытасцю і добразычлівасцю з мэтай абгаварыць». Сям’я, якая жыла пад адкрытым небам на ўчастку ў Забалаці ў Гродне, напісала заяву ў міліцыю на гродзенскую журналістку за тое, што тая расказала іх гісторыю. Аўтарка заявы папрасіла міліцыю прыцягнуць журналістку да крымінальнай адказнасці.
Журналіст «прабраўся на тэрыторыю іх участку, уцёрся да іх у давер пад выглядам аказання дапамогі, злоўжыў іх добразычлівасцю і абгаварыў у інтэрнэце, назваўшы гаспадыню ўчастка злой», — цытуе заяву выданне S13, якое публікавала раней матэрыял пра сям’ю з Забалаці. Заява была напісана на чатырох лістах, адзін з якіх прысвечаны рэгаліям былой гаспадыні ўчастка.
Аб выкліку ў міліцыю журналістка Надзея Болатава расказала ў сваім Instagram. Надзея паскардзілася, што гэта не адзіная прэтэнзія на яе адрас як журналісткі на гэтым тыдні. Падпісанты сталі суцяшаць яе і прапаноўваць падтрымку, а пераможца міжнароднага конкурсу прыгажосці Mrs Globe 2023 гродзенка Лана Глумакова нават падарыла ёй сертыфікат на масаж у свой спа-салон Honey Day.
Што за сям’я з Забалаці?
Незвычайныя суседзі з’явіліся ў мікрараёне Забалаць у пачатку траўня 2023 года. На ўчастак, дзе да гэтага быў толькі падмурак будучай хаты, яны прывезлі старую мэблю, ванную, кухоннае начынне, ровар. Усё гэта расставілі па ўчастку, паміж рэчаў валялася смецце. Таксама там з’явіўся вагончык з дошак, напалову прыкрыты цэлафанам. Суседзі скардзіліся, што навасёлы паляць вогнішча, спраўляюць патрэбу на ўчастку, і да іх прыходзяць «такія ж» госці. 40-гадовы Іван і яго маці атрымалі ўчастак у Забалаці шмат гадоў таму па агульнай гарадской чарзе. Пяць гадоў мужчына самастойна ўзводзіў там падмурак. Да мінулага года яны з маці жылі ў інтэрнаце на праспекце Будаўнікоў. Адтуль іх выселілі: маці Івана захламляла агульную кухню і калідор старой мэбляй і рэчамі са звалкі, таксама была запазычанасць па аплаце. Тады яны паехалі жыць на свой участак, хаця там не было дома.
Гісторыя разляцелася па ўсёй Беларусі. У той жа час суседзі паскардзіліся на сям’ю на «гарачую» лінію Гарадзенскага гарвыканкаму. Пасля гэтага сям’ёй заняліся сацыяльныя службы. Ім вылучылі месца ў інтэрнаце і абяцалі працаўладкаваць. Тэрыторыю ўчастка прывялі ў парадак і выставілі на аўкцыён.
Чытайце яшчэ:
Скандал ва Украіне: за камандай журналістаў-расследавальнікаў сачылі. Медыйшчыкі лічаць гэта кампаніяй па запалохванні
«Фінансаванне беларускіх медыяў пагаршаецца. Усё больш адчуваецца канкурэнцыя з боку расійскіх СМІ». Што рабіць?
У Кыргызстане арыштавалі 11 незалежных журналістаў. Праваабаронцы выступілі з заявай