На брэсцкім дзяржаўным тэлебачанні ўзгадалі пра памілаванне Рамана Пратасевіча
У Брэсцкім абласным судзе разглядалася крымінальная справа жыхара Брэста Дзмітрыя Белямука, які абвінавачваўся па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ.
У часе судовага разбіральніцтва дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваў прадстаўнік абласной пракуратуры Аляксандр Бацюшка, які раней неаднаразова браў удзел у палітычных справах у якасці памочніка пракурора Брэста.
Са слоў пракурора вынікала, што Дзмітрый Белямук сваімі каментарамі ў чаце Telegram-канала, прызнанага «экстрэмісцкім», абразіў Аляксандра Лукашэнку, Наталлю Качанаву, а таксама «зняважыў рускіх па нацыянальнай прыкмеце». У выніку суддзя Руслана Сянько вынесла пакаранне ў выглядзе 3 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штрафу памерам 100 базавых велічынь (3700 рублёў).
Гэтая судовая справа адметная тым, што ёй прысвяціў свой сюжэт рэгіянальны дзяржаўны тэлеканал «Брэст». У якасці суразмоўцы выступае не толькі пракурор Аляксандр Бацюшка, які распавядае пра сутнасць абвінавачанняў на адрас Дзмітрыя Белямука. У тэлевізійны рэпартаж увайшоў фрагмент запісу рэакцыі на прысуд бацькі абвінавачанага — Аляксандра Белямука.
Расхваляваны мужчына на выхадзе з залы суда адразу пасля абвяшчэння прысуду ў роспачы кажа, што сын атрымаў 3 гады зняволення «ні за што», нягледзячы на праблемы са здароўем.
«Гэтай справай нажылі яшчэ аднаго ворага, — кажа падчас здымак Аляксандр Белямук і дадае. — Чалавек, які выступаў супраць (маецца на ўвазе Раман Пратасевіч — заўв. рэд.), памілавалі яго, а ён што толькі не тварыў! Адзін раз выказаў чалавек, хворы, з чэрапным расколатым — тры гады ўлупілі. За што, хлопцы? Хутка і за мной прыйдуць, я ведаю. Я ўпэўнены, што прыйдуць. (…) Вы ўсё выдатна разумееце, што ёсць несправядлівасць. Ёсць. Але ўсе маўчаць. Адзін сказаў. Няправільна сказаў. Пакараць можна, але не так. Яго штрафам пакаралі. А тут яшчэ тры гады».
Падчас запісу гэтых слоў у будынку суда прапагандысты з бацькам абвінавачанага не спрачаліся. Аднак у сюжэце закадравым голасам было агучана, што «прысуд даволі мяккі», і выказваецца наступнае меркаванне: «Родныя хутчэй за ўсё маюць на ўвазе Рамана Пратасевіча, але ён змагаўся за тое, каб быць памілаваным».
Як паведамлялася раней, 3 траўня ў Мінскім абласным судзе абвясцілі прысуд па «справе NEXTA». Раману Пратасевічу прызначылі 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Сцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў. З гэтых асобаў у судзе прысутнічаў толькі Раман Пратасевіч. 18 траўня стала вядома, што прысуд набыў законную моц, бо яго не абскарджвалі. Пры гэтым напрыканцы траўня Аляксандр Лукашэнка памілаваў Рамана Пратасевіча.
Чытайце яшчэ:
«Будзем працягваць да таго часу, пакуль не спыняцца рэпрэсіі». Міжнародны інстытут прэсы пачаў у Twitter праект па Беларусі
«Вялікую ролю грае матывацыя кандыдата». Рэдактары недзяржаўных медыя далі парады суіскальнікам працы
У судзе над Паўлам Падабедам спрэчкі бакоў адбудуцца ўжо на другім пасяджэнні. Неўзабаве прысуд