«Будзем працягваць да таго часу, пакуль не спыняцца рэпрэсіі». Міжнародны інстытут прэсы пачаў у Twitter праект па Беларусі
У адной з самых папулярных сацсетак Міжнародны інстытут прэсы (IPI) раз на тыдзень пачаў размяшчаць агляд парушэнняў правоў беларускіх журналістаў і медыя. Гэта ўжо выклікала адпаведную рэакцыю: замежныя чытачы ўражаны рэпрэсіямі, што адбываюцца ў Беларусі.
Затрыманне былога выдаўца газеты ў Смаргоні, ануляванне рэгістрацыі газеты «Народная воля», блакаванне сайта «Прэсбола» — сціслыя паведамленні на ангельскай мове аб сітуацыі ў Беларусі цяпер з’яўляюцца ў Twitter-акаўнце IPI, на які падпісаны больш чым за 52 тысячы чалавек.
Як паведамілі ў Міжнародным інстытуце прэсы, публікацыі пра Беларусь плануецца размяшчаць рэгулярна — раз на тыдзень да таго часу, пакуль не спыняцца рэпрэсіі.
— У кантэксце вайны мы праводзім маніторынг парушэнняў правоў журналістаў ва Украіне і Расіі, — расказаў у каментары для БАЖ супрацоўнік Міжнароднага інстытута прэсы па маніторынгу и абароне правоў журналістаў Усходняй Еўропы Караль Лучка. — Адначасова назіраем за сітуацыяй у Беларусі. Гэта адзін з асноўных напрамкаў. Вырашылі, што было б справядліва запоўніць прабел і сістэмна паведамляць пра шматлікія парушэнні ў дачыненні да медыя і журналістаў у РБ.
Ён заўважыў: шматлікія дзеянні рэжыму не трапляюць у публічную прастору з‑за таго, што лічацца дробнымі. Але калі ж іх закумуляваць у штотыдынёвай сводцы, то становіцца зразумелым ахоп рэпрэсій і іх сістэмнасць.
— Назіраем адпаведную рэакцыю аўдыторыі, — паведаміў Караль Лучка. — Нашы чытачы ўражаны рэпрэсіямі, што адбываюцца ў дачыненні да прадстаўнікоў прэсы. Многія пачалі забывацца пра сітуацыю ў Беларусі, якая толькі пагаршаецца.
Міжнародны інстытут прэсы быў заснаваны ў 1950 годзе ў Нью-Ёрку (ЗША) кіраўнікамі медыя з пятнаццаці краін. Ад самага пачатку дэкларавалася мэта ў мадэрнізацыі падыходаў журналістыкі і абароне свабоды слова. Сярод чальцоў IPI — выдаўцы, рэдактары, уладальнікі найбуйнейшых медыякарпарацый, а таксама вядомыя журналісты.
Чытайце яшчэ:
Ня дай страху табой авалодаць. Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча
Журналіст «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзь Мажейка трапіў у «тэрарыстычны спіс»