«Мы і далей працягнем расказваць праўду». Гродзенскі суд прызнаў сацсеткі Кулевіча і MOST «экстрэмісцкімі»
Гродзенскі суд прызнаў сацыяльныя сеткі галоўнага рэдактара MOST Media Руслана Кулевіча, праграму на YouTube «Мы вернёмся», сацыяльныя сеткі MOST і лагатып медыя «экстрэмісцкай» прадукцыяй.
Галоўны рэдактар, сацсеткі і лагатып
23 студзеня 2023 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў інфармацыйную прадукцыю сацыяльных сетак галоўнага рэдактара MOST Media Руслана Кулевіча «экстрэмісцкай». Цяпер да «экстрэмісцкай» адносяцца персанальныя старонкі Руслана Кулевіча ў VK, Facebook, «Одноклассниках», Instagram. Аўтарская праграма Кулевіча на YouTube «Мы вернёмся» па рашэнні суда таксама з’яўляецца «экстрэмісцкай».
Таксама гродзенскі суд вырашыў, што «экстрэмісцкай» прадукцыяй з’яўляюцца старонкі MOST Media у Instagram, Twitter, «Одноклассниках», TitTok, лагатып медыя.
— Сябры, я вымушаны вам паведаміць важную навіну: мае сацыяльныя сеткі рэжым прызнаў «экстрэмісцкай прадукцыяй». У 2022 годзе яны прызналі такім наш медыяпраект MOST, а цяпер мае асабістыя сацыяльныя сеткі і відэапраграму «Мы вернёмся». Усе мы цудоўна разумеем, хто сёння ў Беларусі сапраўдны экстрэміст. Што зменіцца? Нічога! Наша каманда і далей працягне расказваць праўду. Журналіст — не злачынца.
— Важна! Для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі: не рабіце рэпосты і не каментуйце мае публікацыі ў профілі. Для тых, хто выехаў: робім усё як і раней. Сёння як ніколі патрэбная ваша падтрымка. Амаль 10 год я працаваў над сваёй аўдыторыяй і зрабіў сабе імя на вуліцах Гродна. Так, гэта я — той хлопец, які ганяў па горадзе на ровары і шукаў самыя крутыя навіны. Той хлопец, якога называлі «Голас вуліц» і «Самы хуткі журналіст Гродна». У 2020 годзе я вымушаны быў з’ехаць з роднага горада, краіны. Так зрабілі многія журналісты ў мэтах бяспекі. Цяпер я знаходжуся ўсяго ў 80 кіламетрах ад Гродна і будую MOST дадому. Аснова ўжо ёсць, а далей будзе больш. Беражыце сябе, не забывайце чытаць MOST і глядзець Кулевіча. Падтрымаць маю каманду вы можаце праз Patreon, — пракаментаваў Руслан Кулевіч.
MOST прызнаны «экстрэмісцкім» з вясны 2022 года
Нагадаем, 28 красавіка 2022 года беларускія «ўлады» прызналі інфармацыйную прадукцыю MOST (сайт, суполкі ў VK і Facebook, Telegram-канал) «экстрэмісцкай». Гэтае рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Гродна. Беларускія ўлады караюць за распаўсюджванне матэрыялаў, якія яны прызналі «экстрэмісцкімі». Мы заклікаем нашых чытачоў быць уважлівымі са спасылкамі на нашы навіны і матэрыялы, а таксама з лайкамі ў сацыяльных сетках.
Чытайце яшчэ:
«Суразмоўца медыя павінен разумець рызыку». Дыскусія пра экстрэмізм і этыку
Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына перавялі ў Магілёў на “ўзмоцнены рэжым”
В начале года независимые казахстанские журналисты столкнулись с поджогами машин, атаками на редакции и угрозами