• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міліцыя не знайшла складу правапарушэння ў відэароліку з абразамі журналістаў

    Відэаролік, нібыта прысвечаны “выкрыццю фінансавання” тэлеканала “Белсат”, а насамрэч поўны асабістых зняваг, з’явіўся ў сеціве 28 траўня. У той самы дзень сябра ГА “БАЖ” Уладзімір Лунёў, імя якога было згадана ў абразлівым кантэксце, звярнуўся ў міліцыю. І днямі атрымаў адказ, што справа па ягонай заяве ўжо закрытая.  

    Уладзімір Лунёў

    Уладзімір Лунёў патрабаваў ад супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС знайсці  асобу, з камп’ютара якой відэаролік распаўсюджваўся, і прыцягнуць да адказнасці паводле артыкулаў 9.3 і 9.2 КаАП РБ – за абразы і паклёп.

    “Мне тэлефанаваў супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС з дзіўным пытаннем: што я думаю пра стваральніка і распаўсюдніка відэароліка, і ці не збіраюся прымаць да яго нейкія меры прыватным чынам? Я сказаў, што звярнуўся да праваахоўных органаў, каб менавіта яны шукалі вінаватых і прадпрымалі законныя захады – а я асабіста ні шукаць, ні караць нікога не ўпаўнаважаны. Я падзяліўся меркаваннямі, хто гэта мог бы быць, бо мая прафесійная адукацыя відэааператара дазваляе зрабіць пэўныя высновы наконт аўтарства гэтай «кінапрадукцыі»”,  – распавёў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” спадар Уладзімір.

    Ён падкрэслівае, што ў Віцебску ўжо не ўпершыню распаўсюджваюцца абразлівыя відэаролікі пра грамадскіх актывістаў, журналістаў і проста неабыякавых да жыцця горада людзей. Але міліцыя ніводнага разу не знайшла аўтараў і распаўсюднікаў. 

    Праз колькі дзён пасля размовы з міліцыянтам Уладзімір Лунёў атрымаў афіцыйны адказ з адмовай у пошуку з райаддзела міліцыі Кастрычніцкага раёна Віцебска. Там паведамлялася, што адміністрацыйную справу скасоўваюць, бо ў дзеяннях нявысветленай асобы не знойдзена складу правапарушэнняў, якія падпадаюць пад артыкулы  9.3 і 9.2 КаАП.

    З гэтым Лунёў катэгарычна не згодны. На ягоную думку, відэаролік мае бясспрэчна абражальны змест. А што да паклёпу, то ён узведзены персанальна на кожнага з памянёных асобаў, лічыць Уладзімір:

    “У артыкуле 9.2 гаворыцца пра распаўсюд паклёпніцкіх звестак. На маё меркаванне, караць за распаўсюд відэароліка трэба і таго, хто выклаў яго ў інтэрнэт першым, і тых, хто распаўсюдзіў гэтую абразлівую хлусню ў адкрытых віцебскіх пабліках “ВКонтакте”.    

    Гэтае патрабаванне Уладзімір Лунёў збіраецца выкласці ў скаргах на высновы міліцыянтаў Кастрычніцкага РАУСа. Накіраваць іх ён мяркуе ў абласное ўпраўленне ўнутраных справаў і ў гарадскую пракуратуру Віцебска.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці