Маці пра Дзяніса Івашына: «Выглядаў акуратным, паголеным, нават не падалося, што схуднеў»
Маці Дзяніса Івашына Людміла Мікалаеўна здолела здалёк убачыць сына перад судом. Зь ейных словаў, сын выглядае досыць добра.
«Блізка я яго ня бачыла — здалёк. Выглядаў акуратным, паголеным, нават мне не падалося, што ён схуднеў. На маё зьдзіўленьне, заўважных зьменаў я ня ўбачыла. Трымаецца спакойна, упэўнена, годна», — расказала Людміла Івашына.
Дзяніс быў у чорнай майцы з надпісам «Яська Гаспадар, 1863», а на сьпіне — «Kalinouski, 1863». У залю яго заводзілі двое міліцыянтаў у масках, што амаль цалкам закрывалі твар.
Падтрымаць журналіста пад будынак суду прыйшла маці абвінавачанага, а таксама дыпляматы краін Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Аўстрыі. Іх на суд не пусьцілі. Аднак каля будынку суду да іх дачапіліся супрацоўнікі пралукашэнкаўскіх выданьняў.
Людміла Гладкая навязьліва пыталіся ў іх, навошта яны прыйшлі пад суд.
«Я б хацела адправіць вас усьлед за рускім караблём», — адказала Людміла Івашына.
Дыпляматы ветліва адмаўляліся ад камэнтароў. Аднак здымачная група пайшла за імі ажно ў кавярню на абед і спрабавала заняць месцы за сталом разам з прадстаўнікамі дыпмісіі, каб запісаць іхныя адказы на камэру.
Справу Дзяніса Івашына разглядае Валер Раманоўскі.
Сёньня паседжаньняў няма, бо Дзяніс хадайнічаў аб перапынку ў працэсе праз кепскае самаадчуваньне. Наступнае паседжаньне заплянаванае на 17 жніўня.
Судовы працэс над Івашыным пачаўся 15 жніўня ў будынку Горадзенскага абласнога суду. Блізкія загадзя ведалі, што працэс будзе закрытым праз «разгляд дзяржаўных таямніц».
Івашына вінавацяць ва «ўмяшаньні ў дзейнасьць міліцыянтаў» і ў «здрадзе дзяржаве». Дэталі справаў невядомыя.
Дзяніс — журналіст-расьсьледавальнік. Яго затрымалі пасьля публікацыі чарговай часткі расьсьледаваньня пра былых беркутаўцаў, якія працавалі ў менскім АМАПе. Ён супрацоўнічаў як валянтэр з камандай расьсьледавальнікаў InformNapalm, якая пісала пра ўплыў Расеі на Беларусь, Сырыю, Украіну і іншыя краіны. Таксама Івашын працаваў у газэце «Новы час», вядомы публікацыямі пра рэстарацыю «Поедем поедим», пабудаваную побач зь месцам масавых расстрэлаў беларусаў у Курапатах.
Чытайце яшчэ:
«Ён мае аўтарытэт і сярод „палітычных“, і сярод крымінальнікаў». Як сядзіць журналіст Дзяніс Івашын, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве»
Валерый Цапкала вырашыў цкаваць нязгодных з ім журналістаў — пачаў са Змітра Лукашука
«Что у вас на обед? Ягненок с кровью?» Пропагандисты атаковали евродипломатов во время суда над Ивашиным