«Ён мае аўтарытэт і сярод „палітычных“, і сярод крымінальнікаў». Як сядзіць журналіст Дзяніс Івашын, якога вінавацяць у «здрадзе дзяржаве»
Журналіста Дзяніса Івашына, які расказаў пра ўкраінскіх бэркутаўцаў у менскім АМАПе, пачнуць судзіць 15 жніўня. Вязень, які сядзеў разам зь Дзянісам у горадзенскай турме, расказаў пра яго.
Сяргей (імя зьмянілі на просьбу суразмоўцы) прыгадаў момант, калі Дзяніса Івашына толькі перавялі да іх у камэру.
«Звычайна ў вязьняў па два кэшары (торбы з рэчамі. — РС). „Палітыкі“ (вязьні, якіх пасадзілі з палітычных матываў. — РС) часьцей маюць толькі адну торбу, бо іх часта перакідваюць з камэры ў камэру. Івашын зайшоў з трыма торбамі і папрасіў мяне дапамагчы іх занесьці. Адна зь іх была непад’ёмная. Там у яго захоўваліся рукапісы, кнігі і лісты падтрымкі», — кажа Сяргей.
Ён кажа, што Дзяніс шмат чаго запісваў. Прыкладам, калі чуў цікавыя гісторыі ад сукамэрнікаў, мог адкласьці яду і ўзяцца за асадку.
«Ён мае аўтарытэт і сярод „палітыкаў“, і сярод звычайных зэкаў. Такіх, як ён, адзін на тысячу. Калі вязьням прапаноўваюць прызнаць віну і абяцаюць скараціць тэрмін напалову, то большасьць так і робяць. Дзянісу спачатку пагражала 3 гады калёніі, потым яму дакінулі артыкул аб „здрадзе“ да 15 гадоў калёніі, а ён усё роўна адмаўляецца пісаць „пакаяньне“, маўляў, рабеце, што хочаце, а праўда на маім баку і я буду далей рабіць, што рабіў», — расказвае Сяргей.
Чуткі пра Івашына ходзяць ці па ўсёй турме як пра нязломнага і ідэйнага.
«Яго не пераносяць *** (супрацоўнікі турмы. — РС). Яму помсьцяць, як могуць. Прыкладам, ладзяць „вэрталёты“ — перакідваюць з камэры ў камэру з усімі рэчамі кожныя некалькі гадзін. Гэта ж цяжка — прыстасоўвацца да новага калектыву. Дык толькі ён пазнаёміцца і крыху прывыкне, як яго зноў „кілішуюць“ (перасяляюць у іншую камэру. — РС)», — расказвае былы вязень.
Са словаў суразмоўцы, Івашын заўжды перад ядой робіць знак крыжа і моўчкі моліцца, нават калі надта галодны. Мае пры сабе драўляны крыж і ўніяцкую Біблію. Дзяніс — вернік Грэка-каталіцкай царквы.
«Ён вельмі кахае жонку і любіць сала», — коратка падсумаваў партрэт Івашына сукамэрнік.
Як расказала жонка Дзяніса Вольга Івашына, сваякі ня ведаюць дэталяў справы і ў якім фармаце пройдзе суд. Яны рыхтуюцца да таго, што працэс закрыюць, бо «будуць разглядаць дзяржаўныя тайны».
«Адкуль толькі Дзяніс узяў гэтыя таямніцы, ня ведаю», — іранічна заўважае Вольга, бо муж рабіў журналісцкія расьсьледаваньні на інфармацыі з адкрытых крыніц, дасяжных усім.
Наколькі ведае жонка, настрой у Дзяніса бадзёры, ён ужо ачуняў пасьля перанесенай у турме інфэкцыі. Ён верыць, што неўзабаве ўсе палітвязьні выйдуць на волю. Вольга кажа, што Дзяніс меркаваў, што вайна Расеі з Украінай пачнецца ў 2023 годзе. Раз вайна пачалася раней, то, на думку Дзяніса, і рэжымы Пуціна і Лукашэнкі абваляцца раней.
«Яму больш за ўсё шкада часу, што мог бы нешта карыснае рабіць, а не сядзець за кратамі», — дадае Вольга.
Ліставаньне з Івашыным вельмі слабое. У сярэднім даходзіць адзін ліст на месяц у абодва бакі (яму і ягоным сваякам).
«З шчырай і моцнаю вераю йдзем наперад і рушым упэўненым крокам у будучыню. Насуперак панадпрыродным выклікам, пагрозам, моцнаму штармавому ветру — крочым непахісна, упарта й рашуча. Не адхіляемся ад шляху праўды, ісьціны, ахвярнае Веры», — напісаў Дзяніс у адным з апошніх лістоў да жонкі Вольгі.
Дзяніс прасіў прывітаць ад ягонага імя ня толькі сяброў і знаёмых, але і «сяброў-абаронцаў», пэўна, кажучы пра абаронцаў Украіны.
«Сонейка мае, пад Ласкаю Божаю мы вытрымаем з табою ўсе пакуты, выпрабаваньні й нягоды. Загартуем наш дух і ўмацуем духоўна нашую з табою сям’ю, асьвечаную Госпадам нашым. Мая Воленька, сьвятло майго жыцьця, мая любая, мілая, пяшчотная, яскравая і найадданейшая жонка, я абавязкова прайду Пілігрымку да цябе! Зайчык мой, нясьцерпна моцна, бязьмежна, неабсяжна кахаю цябе!!! Навечна твой Дзяніска», — так цёпла завершыў ліст да жонкі зьняволены журналіст.
Неўзабаве споўніцца паўтара года, як Дзяніса затрымалі. Наперадзе суд у справе, якую праваабаронцы назвалі палітычна матываванай.
Хто такі Дзяніс Івашын
-
Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 году ў Горадні.
-
Журналіст-расьсьледавальнік. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Жанаты.
-
Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайта міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны.
-
Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
-
Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»). Яму пагражае да 3 год пазбаўленьня волі.
-
Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта тэлеканалу «Настоящее время».
-
Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
-
У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
-
Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць у абодва бакі.
-
У чэрвені стала вядома, што ў Дзяніса ў карцэры здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
-
Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА
Чытайце яшчэ:
“Язык мой — враг мой”. Як «Белсат» хацеў дагрукацца да рускамоўных, а атрымаў хвалю крытыкі ад беларусаў
Журналістка Марыя Грыц зрабіла бчб-сцяг, у якім імёны 588 жанчын
«Гэты горад здаецца тут далейшым за Марс», — Андрэй Кузьнечык пра этапаваньне ў Наваполацак