• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Язык мой — враг мой”. Як «Белсат» хацеў дагрукацца да рускамоўных, а атрымаў хвалю крытыкі ад беларусаў

    Каментары ў сацсетках, абмеркаванні ў журналісцкіх суполках, адкрыты ліст — беларусы працягваюць задавацца пытаннем аб моўнай палітыцы тэлеканала "Белсат". Аўтар сайта БАЖ разбіраецца ў сітуацыі.

    Спалучэнне беларускай і расейскай мовы ў адным эфіры

    У адрозненне ад дзяржаўных, незалежныя беларускія СМІ традыцыйна стаяць на пазіцыях беларушчыны. “Новы час”, “Радыё Свабода” выкарыстоўваюць выключна беларускую мову, “Наша Ніва”, “Хартыя 97” маюць дзве моўныя версіі сайтаў, MOST Media, “Народная Воля” сумяшчаюць артыкулы па-руску і па-беларуску, “Анлайнер” штотыдзень выдае па-беларуску самыя чытаныя артыкулы асобнай рубрыкай. 

    1 траўня 2020 года «Белсат» запусціў рускамоўны партал “Вот Так”.

    “Незалежнае беларускае тэлебачанне цяпер адкрываецца яшчэ шырэй для аўдыторыі не толькі з Беларусі, але і Расеі і ўсёй тэрыторыі былога СССР” — тлумачылі журналісты неабходнасць асобнай рускамоўнай пляцоўкі.

    Але ні ў 2020, ні ў 2021 годзе не назіралася такой хвалі крытыкі і абурэння ў бок тэлеканала: беларускі спажывец глядзеў беларускі эфір і чытаў беларускія матэрыялы, абмінаючы рускамоўны кантэнт.

    Сітуацыя змянілася з пачаткам расейскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. У той час, калі некаторыя наўмысна адмаўляліся ад расейскага прадукту па этычных прычынах, кіраўніцтва Белсату прыняла рашэнне аб дзвюхмоўным эфіры.

    Сутнасць яго ў спалучэнні беларускай і расейскай мовы ў адным эфіры з двума вядоўцамі. Такім крокам белсатаўцы планавалі павялічыць аўдыторыю і ахопы, каб даносіць важную і аб’ектыўную інфармацыю не толькі для беларусаў, але і для грамадзян СНД.

    Варта адзначыць, што шэраг цыклаў перадач, у тым ліку і “Аб’ектыў” (штодзённы агляд галоўных падзей), працягнулі выдавацца, як і раней, на беларускай мове. 

    Такое рашэнне выклікала непаразуменне ў многіх айчынных журналістаў. У сацсетках у бок белсатаўцаў актыўна сыплюцца пытанні, навошта перакладаць беларускую мову на расейскую, бо выглядае гэта для беларусаў неадназначна. Медыйшчыкі імкнуцца разабрацца, якія мэты ставіць перад сабой «Белсат», зрабіўшы такі крок, і якую аўдыторыю тэлеканал зараз разлічвае.

    Дзеля справядлівасці зазначым, што ў «Белсата» ўжо даўно існуюць асобныя расейскамоўныя эфіры для аўдыторыі з Украіны і Расіі. З пачаткам вайны тэлевізіёншчыкі паспрабавалі ўвесьці нейкія ўніверсальныя інструменты. З верасня ж абяцаюць,  як і раней, падзяліць на беларускамоўны і расейскамоўны эфіры. У першым выпадку, абяцаюць белсатаўцы, ніякія спікеры на расейскую перакладацца не будуць.

    “Са сваёй аўдыторыяй варта лічыцца”

    Тым не менш, у сеціве працягваюць з’яўляцца допісы і каментары абураных беларусаў. Асноўны пасыл — «надапушчальна зважаць беларускую мову за кошт расейскай».

    — Вялікая трагедыя, што Белсат быў таксама загнаны ўбзлачынны «русский мир» з яго расейскай мовай. Трагедыя, якой не бачна канца, — зазначае грамадскі дзеяч і былы палітвязень Вячаслаў Сіўчык.

    Экс-кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў у адной з такіх фэйсбучных спрэчак выказаўся так:

    — Калі вы насамрэч хочаце захаваць і пашыраць на канале беларушчыну, то пакіньце двухмоўе ў праграме «Вот так». Гледачы да гэтага ўжо прывыклі. Дадайце туды і украінскую мову. Таксама не прымушайце гаварыць па-руску нашых вядоўцаў-патрыётаў, бо хапае і расейскіх журналістаў дэмакратычнага кірунку.

    Былы супрацоўнік каналу, прадзюсар Сяргей Будкін, распавядаючы  БАЖ пра праблему захавання архіўных відэа, таксама выказваў неразуменне існай моўнай палітыкі канала:

    — Дзіўнае рашэнне. Калі яшчэ можна прыняць і разумець дзвюхмоўны эфір, што таксама дзіўнавата выглядае, то прыняць подпісы па-руску я, напрыклад, не магу, мне глядзець на гэта прыкра. Ведаю, што такіх людзей не пяць і не дзесяць, а сотні і тысячы. Гэта тыя людзі, якія былі адданыя «Белсату», якія яго глядзелі. Страціць частку адданай аўдыторыі — дзіўны крок. Нават каб заваяваць рускамоўную аўдыторыю, дык што: яна прыйшла і сышла. А са сваёй аўдыторыяй варта лічыцца. 

    Ніякія довады на выцісканне рускай мовай беларускай я, як чалавек, які прысвяціў больш за 20 год пашырэнню ўжывання нашай мовы, спрыянню іміджу ў краіне і свеце беларускай мовы, культуры, прыняць не магу. 

    Мне хапае кантэнту на рускай мове, я патанаю ў ім кожны дзень. Калі той кантэнт, які быў беларускім яшчэ пераўтвараецца на рускі, то можа дайсці, як гэта ёсць у некаторых медыя, да просьбаў да беларускамоўных гаварыць па-руску. Жадаю «Белсату» хаця б не скаціцца ў такія просьбы і вярнуцца да таго, што было. Хоць гэта будзе ўжо з іміджавымі стратамі.

    Днямі ў фэйсбуку быў апублікаваны адкрыты ліст на імя дырэктара «Белсату» з сотняй подпісаў беларусаў, украінцаў і палякаў. Аўтары звароту заклікаюць тэлеканал “дапамагчы рэпрэсаванай Беларусі”, “адмовіцца ад расейскай мовы” ўзгадваючы русіфікатарскі характар беларускага рэжыму і пасыл прэзідэнта РФ, што “Россия будет везде, где звучит русский язык”.

    “Без зменаў у Крамлі цяпер не зменіцца нічога і ў нас”

    Намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі пракаментаваў БАЖ сітуацыю:

    — “Белсат” ствараўся як беларускі канал, такім і застаецца. Адно што цяпер мы пашыраем нашую місію на рэгіён (Беларусь, Украіна, Расея ды іншыя краіны).  

    Што да інфармацыйна-публіцыстычнага вяшчання, дык нядаўна быў адноўлены выхад беларускамоўнай перадачы “Без акрэдытацыі” у новым, студыйным фармаце, неўзабаве вяртаем паўтарагадзінны беларускамоўны “Тыдзень” па нядзелях, а штодня — пашыраны “Аб’ектыў”. Ёсць новая і надта патрэбная цяпер праграма “Бязвіз/Безвіз” на беларускай і ўкраінскай мовах, дзе распавядаем украінцам пра Беларусь, а беларусам — пра Украіну.  

    “Белсат” таксама, пра што амаль не кажуць, застаецца важным цэнтрам дапамогі незалежным беларускім творцам: сцэнарысты, рэжысёры, журналісты, музыкі, літаратары знаходзяць у нас працу, мы іх гадамі падтрымлівалі і падтрымліваем.  Таму ў нейкім “рэзкім адыходзе” ад беларускасці абінавачваць нас зусім не выпадае. 

    Нельга забывацца і пра наш партал belsat.eu, галоўная версія якога — беларускамоўная, сацсеткі і ТГ, што выходзяць па-беларуску.  

    Але так, у дзень пачатку вайны мы перайшлі на дзвюхмоўнае інфармацыйнае вяшчанне, палічылі гэта адзіным правільным рашэннем на той момант. Чаму? Бо калі агрэсар не атрымае моцнага ўдару, не аслабне, то марна чакаць паслабленняў і ў Беларусі. Без зменаў у Крамлі цяпер не зменіцца нічога і ў нас, можа быць толькі горш.

    А калі б нават і ўзнялася новая хваля пратэстаў, Крэмль абавязкова кінецца “дэнацыфікаваць” нашую краіну, а тады можа не застацца застацца нічога беларускага ў Беларусі на шмат дзесяцігоддзяў. Сітуацыя ў нашай частцы Еўропы моцна змянілася — як ніколі выразна відаць, што вораг у нас агульны і ён не збіраецца спыняцца. Таму нашым абавязкам павінна быць змаганне і на рускамоўным інфармацыйным фронце. 

    Аднак жа ад верасня мы вяртаемся да падзелу інфармацыйна-публіцыстычнага вяшчання на эфіры па-беларуску (“Аб’ектыў”, “Студыя Белсат”, “Тыдзень” і г.д.) і па-расейску (“Вот Так”), каб глядач меў выбар на якой мове глядзець навіны. 

    Чаму ў адных выходзіць, а ў іншых — не

    Дзвюхмоўны кантэнт — задача няпростая. Тэкставыя выданні могуць ствараць паралельныя версіі артыкулаў на розных мовах, а як жа быць з відэафарматам? Відавочна, што эфір у моманце можа быць толькі на адной мове тэхнічна. Рубрыка “Вот Так” не выклікала абурэння ў беларусаў, бо існавала адасоблена. А вось сумешчаная трансляцыя мае праблемы: па-першае, глядач, які не валодае беларускай мовай, не разумее паловы інфармацыі, па-другое, беларусы задаюцца пытаннем: навошта іх змушаюць палову матэрыяла ўспрымаць па-расейску. 

    Акаўнты Белсату ў сацсетках таксама раздзеленыя па моўным прызнаку. Але з сумеснага эфіру ў беларускую версію трапляюць навіны па-расейску, часам з дубляжом паверх беларускай гаворкі. Такім чынам спажывец бачыць назву і анатацыю па-беларуску, а адкрываючы відэа, атрымлівае расейскі кантэнт, вынікае адчуванне звужэння беларускай прасторы, што, адпаведна, выклікае абурэнне. 

    Верагодна, моўны падзел вяшчання з восені паставіць кропку ў гэтым пытанні. Але ці застанецца Белсат ва ўспрыманні гледача аплотам беларушчыны — пакажа час.

    Меркаванні аўтараў не адлюстроўваюць афіцыйную пазіцыю БАЖ. Рэдакцыя сайта БАЖ заўсёды заклікае калег да палемікі, крытыкі і дыскусіі адносна беларускіх медыя на нашых старонках.

    Чытайце яшчэ:

    «Ты абараняў спартоўцаў ад незаслужанай крытыкі, але крытыкаваў там, дзе яны заслугоўвалі»: ліст да Аляксандра Івуліна

    «Гэты горад здаецца тут далейшым за Марс», — Андрэй Кузьнечык пра этапаваньне ў Наваполацак

    Пра каго і чаму мала пішуць СМІ? Ацэнка мэдыяэкспэрта 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці