• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Лукашэнка ў зняважлівай форме прапанаваў памяняць Пачобута на Латушку

    Аляксандр Лукашэнка падчас так званага «паслання беларускаму народу і парламенту» пафантазіраваў пра магчымы абмен асуджанага журналіста-палітвязня Андрэя Пачобута на «збеглых» прыхільнікаў палітыка Паўла Латушкі.   

    Цынічны маналог пра «абменны фонд рэжыму» справакаваў колішні чалец перадвыбарнай каманды банкіра Віктара Бабарыкі, а цяпер праўладны палітолаг Юрый Васкрасенскі — яго ўлады ўпаўнаважылі дамагчыся «пакаяльных прызнанняў» з боку апанентаў рэжыму.   

    У прыватнасці, прызначаны «міратворца» заявіў, што нібыта на яго выходзілі афіцыйныя прадстаўнікі Польшчы з прапановай абмяняць Андрэя Пачобута на затрыманых паводле падазрэння ў шпіянажы беларускіх грамадзян ці на адкрыццё замарожанага пункта пропуску «Баброўнікі».

    Нагадаем, 8 лютага суддзя Гродзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык пакараў журналіста і актывіста польскай меншасці Андрэя Пачобута 8 гадамі пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму, абвінаваціўшы паводле арт. 361 КК («заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 130 КК («распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»).

    Лукашэнка зрабіў выгляд, што «доўга быў у жаху», калі падначаленыя далажылі пра варыянт з «Баброўнікамі», але тут жа прапанаваў «годную альтэрнатыву». 

    «Як можна чалавека абмяняць на пункт пропуску? Ну, не трэба вам гэты пункт, закрывайце. Мы туды практычна і не ездзім. Але абмен дык абмен. Я гэта яшчэ не даручаў нашым адпаведным органам, ну скажу тады публічна, калі яны хочуць менавіта яго абмяняць на нешта. Дык вось у нас у Польшчы сядзяць Лахушкі (прыніжальны зварот да былога дыпламата і міністра Паўла Латушкі — БАЖ). Але мяняць Лахушку на Пачобута адзін да аднаго я ніколі не пагаджуся. Усю групу сюды (Народнае антыкрызіснае кіраванне – БАЖ). Сюды гэты ўрад, у Беларусь, на чале з Лахушкам. І я  аддаю Пачобута. Вырашым пытанне да вечара, я не супраць». 

    Не так даўно міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі сапраўды звязаў адкрыццё руху праз памежны пункт «Баброўнікі» з вызваленнем Андрэя Пачобута. Аднак рэакцыя ў выглядзе «сцэнарыя» ад Лукашэнкі, выглядае, аказалася непрадказальнай.  

    Зрэшты, на прапанову «абмену» па гарачых слядах адрэагаваў сам Павел Латушка, лаканічна заявіўшы, што цалкам згодны — з адной сустрэчнай умовай. 

    «Ад свайго імя і ад імя мужчынскай часткі каманды Народнага  антыкрызіснага кіравання: мы згодныя на абмен. Але ў нас свая прапанова: мы гатовы правесці абмен Паўла Латушкі і мужчынскай часткі каманды НАУ на ўсіх палітзняволеных Беларусі», — зазначыў у адмысловым звароце спадар Латушка. 

    Не сакрэт, што беларускія ўлады ў рознай форме прапаноўвалі Андрэю Пачобуту магчымасць з’ехаць у Польшчу, але папярэдне «пакаяцца» за сваю дзейнасць у якасці журналіста і актывіста польскай меншасці. Такую здзелку з сумленнем палітвязень рашуча адкінуў.  

    Дарэчы, падчас спічу Лукашэнка згадаў і пра кіраўніцу Саюзу палякаў Анжаліку Борыс, якую перавялі з мінскага СІЗА пад хатні арышт. І таксама даў зразумець, што «гандляваць» ёй ва ўрон сабе не збіраецца. 

    «Ведаеце, што гэта я яе амніставаў і памілаваў? Мы яе не збіраемся нікому аддаваць, але і не абмяжоўваем у перасоўваннях. Яна нядаўна была ў Польшчы, нібыта мама там нават аперацыю нейкую перанесла. Захацела ў Грузію — калі ласка, мы не супраць. Мяне інфармуюць наконт гэтага. Таму што я ведаю: яна дакладна вызначылася, што будзе жыць у Беларусі. Хай палячка, але яна — мая палячка», — нечакана падсумаваў Лукашэнка.

    Цяпер у Беларусі амаль паўтары тысячы зняволеных прызнаныя палітычнымі вязнямі, пры гэтым значная колькасць асуджаных не трапляе ў статыстыку праваабаронцаў праз страх людзей за больш жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да сваіх родных.  

    Чытайце яшчэ:

    Абвяшчэнне вынікаў разгляду апеляцый прафсаюзных актывістаў перанеслі на 3 красавіка

    Вайскова-палітычнага аглядальніка Ягора Лебядка занеслі ў «экстрэмісцкі» спіс МУС

    «Бачу палярнае стаўленне да беларусаў». Што абмяркоўвалі на журналісцкай сустрэчы ў Кіеве

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці