• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Літаратар і бард Андрэй Мельнікаў выйшаў на волю пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту

    Вядомага барда і журналіста Андрэя Мельнікава 5 лютага выпусцілі з ізалятара Мінскага раёна. Там ён прабыў 10 сутак паводле абвінавачання ў “распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Гэта Беларускай асацыцыі журналістаў пацвердзіў ён сам. 

    Раптоўным “знікненнем” Андрэя Мельнікава сваякі занепакоіліся яшчэ 26 студзеня — той перастаў выходзіць на сувязь. Праз некалькі сутак безвыніковых чаканняў родным давялося падаць заяву ў міліцыю пра “вышук чалавека”, пасля чаго праваахоўнікі пачалі дзейнічаць. 

    У выніку 57-гадовы творца знайшоўся ў ізалятары часовага ўтрымання Мінскага раёна. Як удакладнілі праваахоўнікі, затрымалі паводле ч. 2 арт. 19.11 – “распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”. З абставін “правапарушэння” вядома тое, што Андрэя Мельнікава выклікаў на “размову” ўчастковы, які і склаў пратакол за рэпост неадпаведнага зместу ў сацсетцы «Одноклассники». 

    На гэтай падставе абвінавачанага пакаралі 10-суткавым адміністрацыйным  арыштам. Таксама высветлілася, што сярод ягоных сукамернікаў быў відэааператар Павел Падабед, якому ў выніку інкрымінавалі крымінальны артыкул.     

    Андрэй Мельнікаў — адзін з самых папулярных у Беларусі выканаўцаў аўтарскай песні, заснавальнік фестываляў Аршанская бітва”, “Талькаўскі фэст, пераможца і лаўрэат бардаўскіх імпрэзаў. Таксама вядомы як літаратар, эсэіст, навеліст.  

    Пісальніцкі дэбют Андрэя Мельнікава здарыўся ў 1987 годзе ў газеце Аршанскага раёна «Ленінскі прызыў». Затым пад сваім імем і рознымі псеўданімамі друкаваўся з культурніцкімі і літаратурнымі публікацыямі ў аршанскім моладзевым тыднёвіку “Лидер”, рэспубліканскіх газетах  «Звязда», «Чырвоная змена», «Наша ніва», а таксама ў часопісах «Беларусь», “Роднае слова», Arche ды іншых. 

    Але найбольшую папулярнасць Андрэй Мельнікаў атрымаў, несумненна, у якасці аўтара-выканаўцы, запісаўшы звыш двух дзясяткаў альбомаў, хіты з якіх потым пераспявалі ці бралі ў свой рэпертуар многія культавыя гурты і выканаўцы.

    У біяграфіі Андрэя Мельнікава ўжо ёсць досвед зняволення, прычым, даволі працяглага — у 1997 годзе ён трапіў за краты за «незаконны пераход дзяржаўнай мяжы». Зрэшты, гэта акалічнасць толькі падагрэла хвалю цікавасці да постаці творчай асобы.   

    Насамрэч у яго віза была, але не літоўская, куды барда запрасілі выступіць. У той бок прайшоў без прыгод, а калі вяртаўся — схапілі. Менавіта з гэтай нагоды карэспандэнт расійскага канала ОРТ Павел Шарамет зрабіў скандальны рэпартаж пра “дзіравую” беларускую мяжу, і бард якраз патрапіў на «засаду» ад сілавікоў, якія гэта публічна адвяргалі.

    Тады збольшага ўвага была сканцэнтравана вакол Паўла Шарамета, якога таксама затрымалі прыкладна ў той жа час. І ўсе ў свеце пільна сачылі менавіта за ім. Але і альбомы Андрэя Мельнікава атрымалі новае прачытанне. Бо сталі звязваць такое доўгае знаходжанне за кратамі з палітычнымі матывамі. 

    Тады мяжу шмат хто праходзіў, але для іх сканчвалася ўсё значна прасцей, чым паўгады ў СІЗА. Такім чынам, зняволены творца адсядзеў у следчым ізалятары 6 месяцаў да суда, а па выніках рэзананснага працэсу яму прысудзілі ўмоўны тэрмін.

    З‑за турэмных муроў Андрэй Мельнікаў вынес гатовы твор — бадай, першае за часамі незалежнасці эсэ пра турэмны досвед пад назвай «Выжывае падлейшы». Пазней яго надрукаваў часопіс Arсhe — яшчэ да з’яўлення серыі «Турэмная літаратура». 

    Чытайце яшчэ:

    Беспрэцэдэнтны ўзровень сачэння. Набыла сілу пастанова аб кантролі за карыстальнікамі ў інтэрнэце

    “Зараз ёсць імкненне і жаданне. Больш нічога”. Гутарка з блогерам Аляксандрам Кабанавым

    «Немагчыма было наўпрост з калегамі стэлефанавацца, сказаць аператару, дзе ты». Дняпроўская журналістка пра працу падчас трагедыі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці