КДБ унёс у «тэрарыстычны спіс» журналістак Tut.by Вольгу Лойку і Алену Талкачову
Былыя журналісткі інфармацыйнага партала Tut.by Вольга Лойка і Алена Талкачова аказаліся ў абноўленым спісе Камітэта дзяржбяспекі, апублікаваным на сайце ведамства. Там яны пазначаныя як асобы, якія “маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.
Тыднем раней у спісе датычных да “тэрарызму”, які за кошт палітыкаў, грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў, медыйшчыкаў рэгулярна папаўняе Камітэт дзяржаўнай бяспекі, аказаўся яшчэ адзін журналіст, актывіст Саюза палякаў Беларусі Андрэй Пачобут. За кратамі ён ужо паўтара года, чакаецца, што неўзабаве пачнецца суд.
Як удакладняецца ў сістэматызаванай табліцы з указаннем асоб патэнцыйных “тэрарыстаў”, Вольга Лойка і Алена Талкачова (яе прозвішча пры гэтым указалі з памылкай) абвінавачваюцца паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (“распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці”) і арт. 361 (“заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды дзяржаўнай бяспекі”).
Журналістак затрымалі 18 мая 2021 года падчас штурму сілавікамі офіса Tut.by у Мінску і разам з паўтара дзясяткам супрацоўнікаў рэдакцыі змясцілі ў СІЗА. Была распачатая крымінальная справа нібыта за ўхіленне ад сплаты падаткаў праз ільготы Парка высокіх тэхналогій у асабліва буйным памеры. Усіх зняволеных праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі.
Вольгу Лойку вызвалілі ў сакавіку 2022 года, Алену Талкачову – у ліпені. Пры гэтым яны засталіся фігуранткамі крымінальнай справы і пад падпіскамі аб неразгалошванні таямніцы следства. А вось пра агучаныя Камітэтам дзяржбяспекі новыя крымінальныя артыкулы супраць іх дагэтуль ніхто не згадваў.
Акрамя Лойкі і Талкачовай у спісе «тэрарыстаў» з’явілася прозвішча былой супрацоўніцы БелТА Іны Можчанка.
Чытайце яшчэ:
«Я бачыў кнігу не як нейкую сухую біяграфію, а гісторыяй чалавека». Гутарка з аўтарам першага выдання пра Ціханоўскую
Дзяніс Марціновіч: «Мінулае жыццё — гэта такая мілая ілюзія, якой ужо ніколі не будзе»
«У людзей няма страху, ёсьць толькі злосьць і жаданьне працаваць далей і болей». Беларускі фатограф пад бамбёжкамі ў Львове