• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Карэспандэнта «Комсомольской правды» Генадзя Мажэйку асудзілі да 3 гадоў зняволення

    Мінскі гарадскі суд 23 сакавіка агучыў вырак у дачыненні журналіста Генадзя Мажэйкі, абвінавачанага ў «распальванні варажнечы». Як і запатрабаваў тыдзень таму прадстаўнік пракуратуры, яго пакаралі 3 гадамі калоніі агульнага рэжыму.  

    Рэзанансны працэс над супрацоўнікам беларускай рэдакцыі расійскай газеты «Комсомольская правда» в Беларуси» заняў амаль 4 месяцы. Зацягнутасць тлумачыцца перадусім перапынкамі на шматлікія экспертызы, якія ініцыявалі як бок абвінавачання, так і абарона вязня.  

    Спачатку Генадзю Мажэйку інкрымінавалі «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці» паводле ч. 1 арт. 130 КК, а ўжо ў следчым ізалятары з’явіўся эпізод на падставе ч. 1 арт. 368 КК — «абраза прэзідэнта». Менавіта апошняе «злачынства» і стала прадметам жорсткіх спрэчак, бо на кану стаяў істотны «даважак» да тэрміну зняволення.   

    16 сакавіка адбыліся спрэчкі бакоў, вынікам чаго стала лакальная перамога адвакатаў палітвязня. Пад ціскам прадстаўленых фактаў суддзя Таццяна Фалькоўская скасавала «абразлівы» артыкул, пакінуўшы толькі намеры «распаліць» варажнечу. Але і гэтага хапіла, каб прадстаўнік пракуратуры заявіў пра неабходнасць пакараць фігуранта 3 гадамі калоніі, што ўрэшце і знайшло ўвасабленне ў тэксце канчатковага прысуда.   

    Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Масквы і прымусова вярнулі ў Беларусь, дзе выставілі абвінавачанні ў «распальванні варожасці» і «абразе прадстаўніка ўлады» (пазней замянілі на «абразу прэзідэнта»).

    Падставай сталі падзеі ў Мінску 28 верасня, калі ў кватэру да праграміста EPAM Sys­tems Андрэя Зельцэра спрабавалі ўварвацца байцы спецпадраздзялення КДБ. Адбылася страляніна, падчас якой гаспадар забіў кадэбіста Дзмітрыя Федасюка, а ў адказ застрэлілі і яго самога. 

    У нататцы пра надзвычайнае здарэнне карэспандэнт «Комсомольской правды» спаслаўся на аднакласніцу Андрэя Зельцэра, якая прыязна згадала пра сябра дзяцінства. За «гераізацыю тэрарыста» Міністэрства інфармацыі неадкладна заблакавала сайт выдання (kp.by), у адказ расійскія заснавальнікі заявілі пра немагчымасць дзейнасці беларускай рэдакцыі.  

    Адчуваючы пагрозу, Генадзь Мажэйка паспрабаваў праз Расію вылецець на Захад, але супрацоўнікі ФСБ затрымалі «ўцекача» і перадалі беларускім сілавікам. Праваабаронцы прызналі журналіста палітычным вязнем. 

    Ужо за кратамі Генадзь Мажэйка даведаўся, што нібыта «абражаў»  Аляксандра Лукашэнку падчас сустрэчы выбарцаў з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерыем Варанецкім у верасні 2020-га. Эксперты Следчага камітэта на падставе «расшыфроўкі» дыктафоннага запісу журналіста прыпісалі яму рэпліку пра «ненармальнага чалавека, які бегае па рэзідэнцыі з аўтаматам». Пры тым, што калегі ды ўдзельнікі той сустрэчы пацвярджаюць: журналіст быў засяроджаны выключна на сваёй працы.  

    Тым не меней, следства, пракуратура і суд паслядоўна гнулі сваю лінію: ад чэрвеня 2020 года і да кастрычніка 2021-га фігурант «учыніў шэраг злачынстваў, праяўляючы амаральны інтарэс да экстрэмісцкай дзейнасці, будучы яе прыхільнікам, ён дзейнічаў паводле матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці». 

    Неўзабаве ў распараджэнне абароны трапіў відэазапіс, дзе выразна бачнаі чутна: Генадзь Мажэйка моўчкі стэнаграфуе выступы, а фразу, якую палічылі «абразай», выкрыквае ў залі мужчына сталага веку. На падставе бясспрэчных дадзеных суддзя вымушана была прыняць на ўвагу дакументальныя доказы і ануляваць пункт пра тое, што «журналіст, падтрымліваючы апазіцыйна настроеных удзельнікаў сустрэчы, праводзіў агітацыю супраць дзейнай улады, парушаючы агульначалавечую мараль».  

    Генадзь Мажэйка адпачатку называў інкрымінаваныя абвінавачанні «абсурднымі», не прызнаўшы сваёй віны ні па адным з прад’яўленых артыкулаў. 

    Да вынясення канчатковага прысуду 23 сакавіка журналіст ужо паўтара года адбыў за кратамі. 

    Праўда, абарона яшчэ паспрабуе абскардзіць вырак, але практыка сведчыць, што апеляцыі ў «палітычных» справах вышэйшыя інстанцыі папросту ігнаруюць.          

    Чытайце яшчэ:

    Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды слова і іншыя еўрапейскія палытыкі выказаліся ў падтрымку беларускіх журналістаў-палітвязняў

    Непроизнесенное «нет». Почему журналисты все чаще сталкиваются с гостингом?

    Патрэбна дапамога сям’і Сяргея Сацука, палітвязня журналіста-расследавальніка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці