Ірыне Слаўнікавай прызначылі 5 гадоў зняволення
Гомельскі абласны суд 3 жніўня пакараў журналістку Ірыну Слаўнікаву 5 гадамі калоніі. Журналістку прызналі вінаватай паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 — "Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" і ч. 1 арт. 361 — "Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем ці ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем".
Працэс з двума працяглымі перапынкамі доўжыўся амаль паўтара месяца. Справу ў закрытым рэжыме разгледзеў суддзя Мікалай Доля. Дзяржаўным абвінаваўцам выступала прадстаўніца пракуратуры Ірына Падкавырава. Абараняў Ірыну адвакат Уладзімір Пыльчанка, але ніякай інфармацыі па справе ён не дае з прычыны ўзятай з яго падпіскі пра неразгалошванне.
На абвяшчэнні прысуду прысутнічалі бацька і маці журналісткі. Бацьку, Аляксандру Слаўнікаву, сёлета двойчы ўдалося пабачыць дачку. У красавіку, калі завяршылася следства, яшчэ да пераводу Ірыны ў гомельскае СІЗА‑3, ён меў спатканне з дачкой у Мінску на Валадарцы. Другі раз гэта адбылося ў зале Гомельскага абласнога суда, куды бацьку выклікалі як сведку па справе дачкі.
Паводле слоў Аляксандра Уладзіміравіча, Ірына трымалася годна, разумеючы сваю правату і невінаватасць. Абвінавачанняў не прызнавала.
Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў кастрычніку 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку ў Егіпце. Сужэнцаў адправілі за краты пад адміністрацыйны арышт нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», а потым і за «дробнае хуліганства».
Аляксандра Лойку праз 45 сутак адпусцілі, а Ірына пасля месячнага адміністрацыйнага арышту на волю так і не выйшла — яе зрабілі падазраванай у крымінальнай справе па «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». А потым дадалі яшчэ і новае абвінавачанне — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем ці ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем».
Следчы камітэт сцвярджаў, што падчас расследавання крымінальнай справы нібыта атрыманыя доказы, што менавіта Слаўнікава была кіраўніцай «Белсата», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем».
У адным з лістоў Ірына напісала, што ў судзе падчас спрэчак паміж бакамі вельмі добра выступіў яе абаронца Пыльчанка. І дадала: «Цягам чатырох гадзін ён аргументавана абвяргаў усе сфабрыкаваныя абвінавачванні».
***
Ірына Слаўнікава нарадзілася ў Гомелі ў сям’і вайскоўца. Па адукацыі яна эканаміст. Працавала па спецыяльнасці ў камерцыйных фірмах, пасля бухгалтарам у газеце «Беларуская маладзёжная», дзе і захапілася журналістыкай.
Калі на пачатку 2000‑х бацькі паехалі ў Германію, з імі выправілася туды і Ірына. Займела яна ў Нюрнбергу нават від на жыхарства. Але вытрымала ў чужой краіне толькі год – вярнулася назад у Беларусь.
У 2007 годзе быў створаны беларускамоўны тэлеканал «Белсат», які трансляваў перадачы з Польшчы, але так і не быў зарэгістраваны ў Беларусі пасля паўдзясятка адпаведных зваротаў да ўладаў. Слаўнікава супрацоўнічала з тэлеканалам, брала чынны ўдзел ў праваабарончай праграме «Маю права». Яна ўступіла ў шэрагі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і на з’ездзе сябраў грамадскага аб’яднання ў красавіку 2021 года была абраная адным з намеснікаў старшыні.
На момант затрымання Ірына Слаўнікава ўжо працяглы час не супрацоўнічала з «Белсатам», а з’яўлялася штатнай супрацоўніцай польскага тэлеканала TVP.
Беларуская праваабарончая суполнасць прызнала журналістку Ірыну Слаўнікаву палітычным вязнем.
Чытайце яшчэ:
Суд у Гомелі: няволя за фотаздымак расійскай вайсковай тэхнікі ў цэнтры горада
Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын перанёс інфекцыю ў СІЗА
«Назваў напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года савецкай агрэсіяй»: у чым абвінавачваюць Анджэя Пачобута