Журналістка Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандр Лойка пакараныя чарговымі 15 суткамі арышту
У судзе Першамайскага раёна Мінска суддзя Максім Трусевіч другі раз запар пакараў журналістку Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку чарговымі 15 суткамі арышту.
На іх склалі пратаколы за дробнае хуліганства ў ІЧУ.
Журналістку Ірыну Слаўнікаву абвінавацілі ў «дробным хуліганстве». Па словах сведкі-міліцыянта «агрэсіўныя паводзіны» ў Ірыны пачаліся пасля таго, як яна заўважыла, што на мужа новы пратакол складаюць. Вопратку Ірыны міліцыянт не памятае. Ён сцвярджае, што рост Ірыны 170 сантыметраў, калі на самой справе — 162.
Суддзя Трусевіч арыштаваў Слаўнікаву па арт. 19.1 КаАП на чарговыя 15 сутак.
У судзе журналістка Ірына Слаўнікава паспела расказаць пра ўмовы на Акрэсціна. Паводле яе слоў, лісты і тэлеграмы ёй не перадаюць, у камеры вошы з‑за таго, што да іх падсяляюць бяздомных. З перадач яна атрымала толькі лекі.
Справу Аляксандра Лойкі, мужа Ірыны Слаўнікавай, таксама разглядаў суддзя Максім Трусевіч. Сведка-міліцыянт на судзе не змог успомніць ва што быў апрануты Лойка. На яго думку, незадаволенасць знаходжаннем у РУУСе, падвышаны тон гаворкі і актыўная жэстыкуляцыя і ёсць «дробнае хуліганства».
Нагадаем, Ірыну і Аляксандра затрымалі 30 кастрычніка ў мінскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. Іх абодвух 1 лістапада суддзя Першамайскага раёна Максім Трусевіч асудзіў да 15 сутак арышту нібыта за захоўванне ў Facebook матэрыялаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Падчас працэсу Аляксандр распавёў, што іх з Ірынай затрымалі на пашпартным кантролі, закавалі ў кайданкі і нават не далі забраць багаж. Ён адзначыў, што Ірыну затрымлівалі больш жорстка, чым яго.
Да суда ён быў на Акрэсціна ў двухмеснай камеры, дзе агулам знаходзіцца 10 чалавек.
Таксама 4 лістапада стала вядома, што жаночая камера, у якой утрымлівалася Ірына Слаўнікава, абвясціла групавую галадоўку праз нечалавечыя ўмовы ўтрымання зняволеных.