Google заблакаваў YouTube-канал «БелРос». Мінінформ супраць
Сёння Мінінфарм адрэагаваў на блакіроўку YouTube-канала "БелРос" — саюзнага праекта Беларусі і Расіі.
Міністэрства інфармацыі Беларусі адрэагавала на гэтую навіну: у сваім тэлеграм-канале запатрабавала ад Google тлумачэнняў па факце блакіроўкі. Яно палічыла «недапушчальным беспадстаўнае абмежаванне свабоды слова».
«Міністэрства інфармацыі мяркуе, што падобныя непрыязныя крокі з боку лічбавых карпарацый з’яўляюцца праявай нядобрасумленнай канкурэнцыі і ганебнай палітыкі падвойных стандартаў у інфармацыйнай сферы», — гаворыцца ў паведамленні.
Пра колькасць заблакаваных самім Мінінфам незалежных беларускіх медыя ведамства прадказальна не ўспамінае.
Тэлерадыёвяшчальная кампанія Саюзнай дзяржавы ўзнікла ў 2007 годзе. Праз 10 гадоў тэлеканал правёў рэбрэндынг і пачаў выходзіць у эфір пад новай назвай — «БелРос». Сёння ён распаўсюджваецца праз кабельныя сеткі як беларускіх аператараў, так і буйных расійскіх кампаній.
Напярэдадні відэахостынг YouTube, які ўваходзіць у структуру інтэрнэт-гіганта Google, другі раз за паўгода выдаліў акаўнт тэлеканала «БелРос». Першы аднайменны канал быў заблакаваны сёлета ў красавіку. Пасля гэтага ў маі “белросаўцы” адкрылі новы канал, які 7 лістапада хостынг зноў выдаліў.
На блакіроўку сваіх YouTube-каналаў пасля пачатку шырокамаштабнай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны скардзіліся дзясяткі расійскіх медыярэсурсаў. Так, “Роскомнадзор” казаў больш чым пра паўсотні такіх фактаў, якія закранулі ў ліку іншых “РИА Новости”, “Спутник”, “Первый канал”, тэлеканалы «Россия», НТВ, РБК і многія іншыя.
Адметна, што Міністэрства інфармацыі Беларусі ніяк не рэагуе на шматлікія факты рэпрэсій датычна незалежных журналістаў, але неадкладна “выбухае” гучнымі заявамі пра “пераслед іншадумства”, калі закранаюць на прапагандыстаў.
Калі 23 верасня пад бан патрапілі Telegram-каналы Ксеніі Лебедзевай, Рыгора Азаронка, Канстанціна Прыдыбайлы ды некаторых іншых, ведамства імгненна адрэагавала гнеўным “адлупам”.
“Практыка інфармацыйных зачыстак непажаданых лічбавым гігантам акаўнтаў з вялікай чытацкай аўдыторыяй, якія імкнуцца данесці сваім падпісчыкам праўдзівую інфармацыю, бясспрэчна, не спрыяе ўмацаванню даверу да такіх платформаў і з’яўляецца яркім прыкладам удушэння свабоды слова і плюралізму меркаванняў у сетцы інтэрнэт”, — адзначылі тады ў Мінінфарме.
Факт блакавання адміністрацыяй прыкладання Telegram шэрагу беларускіх каналаў “патрыятычнай накіраванасці” сведчыць пра “мэтанакіраваны інфармацыйны ціск на Беларусь”, — салідарныя чыноўнікі, якія самі маюць немалы досвед у справе ўдасканалення метадаў цэнзуры.
Чытайце яшчэ:
Фотографа нет на месте событий. Как медиа иллюстрируют публикации?
Прокурор запросила 2,5 года домашней химии для обвиняемого в грубом нарушении порядка экскурсовода и журналиста Игоря Хмары
Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут сталі пераможцамі Залатых Соў Палоніі