Дзяржабвінаваўца патрабуе пакараць журналіста-краязнаўцу Ігара Хмару “хатняй хіміяй”
10 лістапада суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Пірожнікава пачала разгляд справы журналіста, экскурсавода, краязнаўцы Ігара Хмары. Палітвязня абвінавачваюць на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — “актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.
Падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы супраць Ігара Хмары стаў ягоны ўдзел ў мірнай акцыі пратэсту ў Мінску 16 жніўня 2020 года. Паводле папярэдніх звестак, журналіст нібыта напісаў “яўку з павіннай” на падставе выкладзенага фотаздымка ў Instagram, чым прызнаў сваю віну.
Мяркуецца, што фінальны вердыкт можа быць агучаны ўжо 12 лістапада.
Ігара Хмару затрымалі 2 жніўня, калі той праводзіў групавую экскурсію ў сталічным мікрараёне Серабранка. Гэта быў другі па ліку бясплатны шпацыр, які ён абвясціў у сваіх сацсетках, першы прайшоў без эксцэсаў. Аднак гэтым разам нібыта “неабыякавых грамадзян” зачапіла “падазроная” беларуская мова экскурсавода, і яны выклікалі міліцыю. Прынамсі пра гэта стала вядома ад сукамерніка Ігара Хмары, які не так даўно выйшаў на волю.
У выніку на краязнаўцу завялі крымінальную справу паводле “народнага артыкула” 342, частка 1. Тады ж аператыўнікі з ГУБАЗіК знайшлі ў сацыяльных сетках здымкі журналіста з бел-чырвона-белым сцягам.
Праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Хмару палітычным вязнем.
У якасці журналіста Ігар Хмара пісаў пра ўрбаністыку і адметныя мясціны Беларусі для “Беларускага радыё”, партала Realt.by, выдання “Близкие новости” ды іншых афіцыйных і недзяржаўных медыяў.
Як сведчаць палітычныя працэсы апошняга часу, суддзі звычайна цалкам пагаджаюцца з патрабаваннем тэрмінаў, агучаных прадстаўнікамі пракуратуры.
Читайте ещё:
Фотографа нет на месте событий. Как медиа иллюстрируют публикации?
Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут сталі пераможцамі Залатых Соў Палоніі
Дэпутаты ўхвалілі амністыю да “дня народнага адзінства”. “Палітвязняў”, сярод якіх 33 журналісты, праігнаравалі